Расейцы абстралялі касэтнымі снарадамі пляж на Данбасе, ёсьць ахвяры сярод дзяцей

Кроў на месцы расейскага абстрэлу вадаёму ў горадзе Канстанцінаўцы Данецкай вобласьці. 24 ліпеня 2023

За адзін дзень у Данецкай вобласьці загінулі два чалавекі і 10 атрымалі раненьні. 

Расея не спыняе абстрэлаў мірных гарадоў Украіны і аб’ектаў цывільнай інфраструктуры.

На Данеччыне загінулі двое і паранена сем грамадзян

Расейскія войскі ўвечары 24 ліпеня з ракетных комплексаў «Сьмерч» абстралялі Канстанцінаўку ў Данецкай вобласьці. Касэтныя снарады пацэлілі па сем’ях, якія адпачывалі на беразе вадаёму. Загінуў 10-гадовы хлопчык, яшчэ чацьвёра дзяцей атрымалі раненьні — 5-гадовая дзяўчынка, 12-гадовы хлопчык і дзьве сястры 11 і 12 гадоў.

Цягам дня ў Данецкай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі дзьве вёскі пад Валнавахай (адзін грамадзянін атрымаў раненьні), тры населеныя пункты пад Курахавым і два на лісічанскім кірунку (ёсьць разбурэньні ў прыватным сэктары).

За адзін дзень у Данецкай вобласьці загінулі два чалавекі і 10 атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Апэратар Deutsche Welle быў паранены падчас абстрэлу расейскімі касэтнымі боепрыпасамі ў Данецкай вобласьці

На Жытоміршчыне дроны пашкодзілі аб’ект інфраструктуры

Улады Жытомірскай вобласьці паведамілі, што ў выніку начной атакі іранскімі дронамі пацярпеў аб’ект інфраструктуры. Інфармацыю аб ахвярах і маштабах разбурэньняў пакуль удакладняюць.

Тры з паловай гадзіны трывала паветраная трывога ў Кіеўскай вобласьці. Улады заявілі, што ўсе бесьпілётнікі зьбілі і такім чынам удалося пазьбегнуць маштабных разбурэньняў і ахвяр: у адной з грамад у выніку падзеньня рэшткаў зьбітых дронаў загарэлася сухая трава, аднак пажар удалося хутка зьліквідаваць.

У Чаркаскай вобласьці бесьпілётнікі пацэлілі ў сельскагаспадарчыя ўгодзьдзі і ангар, але ён быў бяз збожжа.

У камандаваньні Паветраных сіл паведамілі, што зьбілі каля дзясятка дронаў у паўночнай частцы Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі абстралялі Ліман у Данецкай вобласьці. Ёсьць загінулыя і параненыя

Расейцы штурмуюць на Данеччыне, украінцы — на Запарожжы

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў аб адбіцьці расейскіх атак на бахмуцкім кірунку. Каля Аўдзееўкі расейцы не спыняюць авіяцыйныя і артылерыйскія абстрэлы пазыцый украінскіх войскаў.

«У той жа час сілы абароны Ўкраіны працягваюць наступальную апэрацыю на мелітопальскім і бярдзянскім кірунках (Запароская вобласьць), замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ўкраінскага Генштабу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У 500-ы дзень вайны Зяленскі наведаў востраў Зьмяіны і адтуль зьвярнуўся да ўкраінцаў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.