«Свабодны тэатар» правёў рэпэтыцыі «Дзікага паляваньня Караля Стаха» на галоўнай опэрнай сцэне Польшчы

Аўтар лібрэта Андрэй Хадановіч, кампазытарка Вольга Падгайская, арт-дырэктар і сурэжысэр Натальля Каляда, прадусар Юлія Сарві, арт-дырэктар Мікалай Халезін, дырыгент Віталь Алексяёнак

Гэта самы маштабны праект у гісторыі Belarus Free Theatre, адзначыў яго арт-дырэктар Мікалай Халезін.

«Завяршылі варшаўскі рэпэтыцыйны сэт опэры „Дзікае паляваньне караля Стаха“. Дзякуючы падтрымцы Instytut Teatralny im. Zbigniewa Raszewskiego і Teatr Wielki — Opera Narodowa мы рэпэтавалі на галоўнай опэрнай сцэне Польшчы, за што вельмі ўдзячныя гэтым інстытуцыям і іх кіраўнікам, падобная дапамога ў нашых умовах неацэнная», — напісаў Мікалай Халезін у сваіх сацсетках.

Паводле Халезіна, на першым этапе ўдзельнікаў было каля паўсотні чалавек з шасьці краін сьвету, але калі пачнецца другі сэт у Лёндане, колькасьць людзей у групе вырасьце амаль удвая. Гэта самы маштабны праект у гісторыі Belarus Free Theatre і, адназначна, адзін з самых значных і сьмелых, зазначыў арт-дырэктар «Свабоднага тэатру».

«Вакалісты, акторы, мастакі, музыкі, кінагрупа, мэнэджары, прадусары — усё адпрацоўвалі на 100 працэнтаў, без адзінага канфлікту, што адбываецца дастаткова рэдка ў вялікіх групах, якія зьбіраюць такую колькасьць творцаў у адзіны арганізм. Усім за гэта вялізная падзяка, і ў нас застаецца тыдзень для таго, каб падрыхтавацца да лёнданскага сэту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Казалі, што мы вярнулі веру ў рыцарскія ўзнагароды». Халезін і Каляда пра тое, як Ордэн Брытанскай Імпэрыі дапаможа змагацца з дыктатурай
  • У чэрвені 2023 году заснавальнікі беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін і Натальля Каляда атрымалі ўзнагароды караля Вялікай Брытаніі. Ім далі званьні членаў Ордэна Брытанскай імпэрыі (MBE) за заслугі перад тэатрам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі мастацтва не было такое важнае, як у моманты найбольш цёмных рэпрэсій». Свабодны тэатар пераяжджае ў Польшчу