Польшча стварае сапэрны батальён за 40 км ад мяжы зь Беларусьсю

Марыюш Блашчак. 2021

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў сёньня пра стварэньне новага падразьдзяленьня — сапэрнага батальёна ў Аўгустове.

Аўгустаў знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы, усяго за 40 кілямэтраў ад Горадзенскай вобласьці і прыблізна на такой жа адлегласьці ад літоўскай мяжы.

Як паведамляе Польскае радыё, асноўнай задачай новага сапэрнага батальёна стане ўмацаваньне ўсходняй мяжы Польшчы і забесьпячэньне так званага Сувальскага калідора, 79-кілямэтровага адрэзка польска-літоўскай мяжы, які мае стратэгічны характар для бясьпекі краін Балтыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча перакіне жаўнераў да межаў Беларусі праз рызыку ад вагнэраўцаў

Падразьдзяленьне ў Аўгустове ствараецца ў рамках Пакету ўзмацненьня польскіх узброеных сіл на 2023–2025 гады, прынятага Радай Міністраў Польшчы ў 2022 годзе. Ён прадугледжвае ўзмацненьне ўжо існуючых тактычных злучэньняў на ўсходнім флянгу NATO.

Згодна з плянамі Міністэрства нацыянальнай абароны, першыя вайскоўцы ў новы батальён будуць прызначаныя да канца 2023 года. Батальён будзе падпарадкаваны 15-й Гіжыцкай мэханізаванай брыгадзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў Пуціну, што «вагнэраўцы» хочуць «схадзіць на экскурсію ў Варшаву»