Асноўныя сьведкі ў справе МУС у Гаазе супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай. Каляж
Журналісты ўкраінскай службы Радыё Свабода падрыхтавалі фільм-расьсьледаваньне пра тое, як расейскія вайскоўцы разам з прадстаўнікамі групоўкі «ДНР» увесну 2022 году дэпартавалі ў Расею 31 украінскае дзіця.
Гаворка ідзе пра непаўналетніх з акупаваных тэрыторый Данецкай вобласьці, у прыватнасьці горада Марыюпаля. У фільме журналісты паказваюць, якім чынам дзяцей вывозілі ў Маскоўскую вобласьць Расеі, а таксама вызначаюць асобаў расейскіх чыноўнікаў і стаўленікаў Расеі ва Ўкраіне, якія мелі дачыненьне да іх дэпартацыі.
Назва фільму «Сьпіс 31» зьвязаная з колькасьцю ўкраінскіх дзяцей, якіх у складзе адной групы вывозілі з акупаваных гарадоў Данецкай вобласьці ў розныя ўстановы, падкантрольныя акупацыйным адміністрацыям групоўкі «ДНР», а 26 траўня 2022 году вывезьлі ў Расею.
Радыё Свабода ўстанавіла шлях дзяцей і фігурантаў дэпартацыі з дапамогай сьведчаньняў Яўгена Межавога, чые дзеці былі ў «сьпісе 31», а таксама дзякуючы эксклюзіўным дакумэнтам з праверанага выцеку з пошты кіраўніка так званай «ДНР» Дзяніса Пушыліна.
Пакуль з гэтай групы вярнулі толькі аднаго падлетка і траіх дзяцей Яўгена Межавога. З пачатку ліпеня 2022 году сям'я Межавых жыве ў Латвіі.
17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт упаўнаважанай прэзыдэнта Расеі ў правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай, а 17 сакавіка 2023 году — на Ўладзіміра Пуціна па падазрэньні ў злачынстве дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Камітэт Эўрапейскага парлямэнту па замежных справах 18 ліпеня ўхваліў даклад, у якім заклікаў МКС выдаць ордэр і на арышт Аляксандра Лукашэнкі.