«Я хачу, каб над намі не было акупантаў». Алесь Пушкін на Свабодзе

Алесь Пушкін у менскай студыі Радыё Свабода. 2016

11 ліпеня ў рэанімацыі пры нявысьветленых абставінах памёр палітычны вязень, мастак Алесь Пушкін. Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў голас Алеся Пушкіна гучаў на хвалях Радыё Свабода — у інтэрвію, дыскусіях, камэнтарах да палітычных і култьтурніцкіх падзеяў.

Ён шмат разоў быў героем рэпартажаў — і тады, калі ладзіў свае непаўторныя пэрформансы, і калі зазнаваў рэпрэсіі за грамадзянскую пазыцыю, і калі вяртаў да жыцьця творы старажытнага мастацтва, пісаў іконы ці ствараў партрэты тых, каго лічыў вартым.

Ніжэй — выбраныя цытаты Алеся Пушкіна з эфіру і сайту Радыё Свабода.

«У нас ёсьць свая школа іканаграфіі»

«Калі я заходжу ў менскія храмы Рускай праваслаўнай царквы, бачу там шаблёны і калькі з маскальшчыны, вось з таго чыста дамангольскага пэрыяду расейскія кананічныя росьпісі: Андрэй Рублёў, Феафан Грэк. Я, аднак, падыходзіў да мастацтва з таго пункту погляду, што ў нас ёсьць свая школа іканаграфіі, ёсьць свая школа манумэнтальнага мастацтва. Таму я на аснове бізантыйскага канону ўсё такі маляваў ў духу, які мы бачым у манаграфіях, напрыклад, Надзеі Высоцкай: „Беларускае тэмпэрнае мастацтва 14-16 стагодзьдзяў“. Вось, свая школа, своеасаблівыя народныя твары сьвятых, дэталіроўка, дэкор адзеньня, арнамэнты, надпісы абавязкова па-беларуску. Гэта ўсё нашае» (сьнежань 2000).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Царкоўнае мастацтва ў сучаснай Беларусі

«Лукашэнка — гэта ёсьць акупацыя»

«Я хачу, каб над намі не было акупантаў. І Лукашэнка — гэта ёсьць акупацыя. Таму я прыйду сюды. Мы ідзём зь верай, мы ідзём з пустымі рукамі, мы ідзём з гарачымі сэрцамі, каб адстаяць сваю незалежнасьць ад расейскай акупацыі» (жнівень 2001).

«Мне больш павераць, калі я буду ісьці босым па сьнезе»

«Гэта ня трэба разумець як мазахізм. Маўляў, нехта сьцябае сябе плёткай, а вось Пушкін зь мянтамі валтузіцца, кроў сабе пускае й ходзіць па Віцебску босым у васьміградусны мароз. Не. Я праваслаўны артадокс. І гэта ляжыць у аснове таго, што я не шкадую сябе. Бо сказана ў Бібліі: „Пакутамі амыюся й пакутамі абялюся“. Мне больш павераць, калі я буду ісьці босым па сьнезе і лягу сам, а не пакладу манэкен ці падсьцялю саломкі там, дзе трэба паваліцца. Мне раілі прагматычныя людзі — навошта табе ўласная кроў? Вазьмі купі на рынку кроў для крывяных каўбасаў і зробіш той самы пэрформанс. Я не пагадзіўся, бо гэта быў бы падман гледача. А гэта будзе кроў аўтара — зусім іншы канцэптуальны акцэнт робіцца. Толькі вера і нейкая ўсходняя ўтрапёнасьць і робяць зь мяне гэтую бяду — мастака-пэрформэра» (ліпень 2002).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пушкін: “У свабоднага мастака праблемы з уладай будуць заўсёды”

«Мой усьвядомлены выбар: жыць на сваёй радзіме»

«Асноўнае адрозьненьне правінцыі ад горада — нясьпешнасьць і сапраўднасьць жыцьця. І каб я жыў у горадзе, я быў бы, напэўна, больш кан’юнктурны чалавек. А ў правінцыі я старамодны, я назіраю зводдаль. І гэта мой усьвядомлены выбар: жыць на сваёй радзіме, дзе жыў прадзед, дзе жыве бацька... Мне падабаецца бачыць сваю старэнькую маці, думаць пра сьвятога Мікалая, пра сваю цяжарную жоначку, думаць, як усё гэта намаляваць. Я люблю хадзіць у лес. У лесе — прыродным храме — і молісься, і адпускаеш сам сабе грахі, і спадзяесься на нешта, і марыш» (люты 2004).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таленты правінцыі: паміж творчасьцю і камэрцыяй

«Ціхая нясьпешная праца на сваёй дзялянцы — гэта наша вельмі абгрунтаваная і сур’ёзная воля»

«Ня трэба аб’ядноўвацца, ствараць рухі на нацыянальнай глебе, нейкія кааліцыі палітычныя. Хутчэй за ўсё, ціхая нясьпешная праца на сваёй дзялянцы — гэта і ёсьць наша вельмі абгрунтаваная і сур’ёзная воля, каб Беларусь жыла. Я аптыміст. Цяпер настолькі пайшло нацыянальнае жыцьцё ўшыркі і ўглыбкі, што мы можам цалкам аўтаномна на сваім полі дзейнасьці рабіць нацыянальную справу, і не за гарамі вынік — я ў гэтым упэўнены. Марна зьбіраць непадобных адзін да аднаго людзей. Гэта крывадушна, калі людзі клянуцца, зьбіраюцца на кангрэсы, а потым ідуць сваім шляхам. У той жа час фармаваць маладыя душы паходамі, зборамі, сэмінарамі — гэта неабходна, гэта павінна быць, гэта павінны рабіць партыі, ТБМ, грамадзкія аб’яднаньні, скаўты, гэтую працу сыстэматычна трэба некаму рабіць прафэсійна. Бо дзяржава гэтага ня робіць» (лістапад 2008).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: "Сёньня нам усім патрэбна непамятазлоб'е"

«Беларускія мужчыны сталі баязьліўцамі»

«16 гадоў кіраваньня Лукашэнкі зрабілі тое, што нашы беларускія мужчыны сталі баязьліўцамі. Міліцыянты крупскія ня ведалі ж, што за плячамі ў мяне пасьля службы ў войску 28 сутак гаўптвахты за пазастатутныя ўзаемаадносіны. 28 сутак ваеннай гаўптвахты Кундуза і Кабула ў Аўганістане — гэта не 13 сутак крупскага ізалятару... Але вернемся да праблемы беларускага мужчыны. Вось калі б табе далі адзін раз дубінкаю, раззлаваўся б і пайшоў у наступ! Але чамусьці 80% беларускіх мужчынаў пры болі, пры страху даюць на пяту. Вось праблема беларускай нацыі, праблема беларусаў. Чачэнцы-мужчыны, азэрбайджанцы-мужчыны так сябе не паводзяць» (сьнежань 2010).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэмныя ўнівэрсытэты Алеся Пушкіна

«У 1991 годзе тата атрымаў рэабілітацыю, залічылі гэта ўсё ў працоўныя гады»

«Тата мой у вайну служыў у паліцыі, ахоўваў мост. У яго быў выбар: ці на работу ў Германію, ці ў паліцыю. Хто не хацеў, тыя цікалі ў лес. А яму 17 год, адзін сын у бацькоў — ну і пайшоў у паліцыю. Потым, калі ўжо прыйшлі савецкія войскі, ён спакойна паехаў у Менск вучыцца, паступіў у фінансавы тэхнікум і адвучыўся год. Сусед-партызан напісаў: „Як так, ён жа служыў у паліцыі, калябарацыяніст — а вучыцца ў Менску, прыяжджае, прывозіць баранкі бацькам. Куды глядзяць пэўныя органы?“ Яго прыйшлі і арыштавалі проста ў аўдыторыі, пасадзілі ў вагон — і ў Чыту. І ў Чыце быў суд па 58-м артыкуле — „измена родине“. І ўсе гэтыя гады — з 1949-га па 1955-ты — ён адбываў на Сахаліне на рудніках. Чаму гэта цікавая акалічнасьць? Таму што ў 1991 годзе тата напісаў афіцыйную скаргу. Пракуратура Чыцінскай вобласьці даслала запыт у Маскву. З Масквы прыехалі два кагэбісты і апыталі ўсіх пажылых людзей — чым займаўся Пушкін у часы Другой усясьветнай вайны: ці ня кідаў дзяцей у калодзеж, ці не расстрэльваў габрэяў... Усё ўдакладнілі, і ў 1991 годзе тата атрымаў рэабілітацыю, залічылі гэта ўсё ў працоўныя гады, пералічылі пэнсію. Выплацілі два мільёны рублёў. Ён карову купіў і ровар, і далі кніжачку, з гербам „Пагоня“ яшчэ тады, пра „необоснованно репрессированных в период 1930–50 гг“. Можна было езьдзіць бясплатна ў мясцовым аўтобусе» (лістапад 2011).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пушкін: “Тата мой у вайну служыў у паліцыі”

«Рэпрэсіі могуць распачацца ў любы час»

«Дзяржава ў нас застаецца нэасталінскай і рэпрэсіі ў нас могуць распачацца ў любы час» (лістапад 2012).

Your browser doesn’t support HTML5

Алесь Пушкін: улада застаецца нэасталінскай

«У пэўны час трэба выходзіць на Плошчу больш актыўна»

«І асьветніцтва патрэбнае. Але што я з кнігай Адамам Станкевіча магу сказаць 25-гадоваму наркаману, які проста тупа сьмяецца зь беларускага слова? Як яму несьці асьвету, духоўнасьць, прошчу? У яго проста гамэрычны рогат будзе. Адгукаюцца на нашы заклікі толькі душы генэтычна блізкіх нам людзей. Са мной сядзеў адзін расеец, які 17 гадоў пражыў у Беларусі. Ён мне так і заявіў, што я павінен зь ім гаварыць па-расейску. Я адказаў, што Беларусь — мая зямля, беларускамоўны Пушкін тут — рэальнасьць, таму ён павінен цярпець. Асьветніцтва, вядома ж, патрэбнае, але ў пэўны час трэба выходзіць на Плошчу больш актыўна» (сьнежань 2012).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пушкін: Плошча павінна быць з галавой

«Дзяржава не прызнае людзей, якія стаялі каля вытокаў незалежнасьці»

«Будзіць памяць пра бязьвінна рэпрэсаваных у Беларусі зьяўляецца адміністрацыйным парушэньнем, якое цягне за сабой пакараньне. Дзяржава, па сутнасьці, не прызнае тых бязьвінна рэпрэсаваных маладых людзей, якія стаялі каля вытокаў незалежнасьці. Бо ў Расьціслава Лапіцкага, да прыкладу, быў асноўны пасыл — «Жыве незалежная Беларусь». Змагар за незалежнасьць Беларусі Расьціслаў Лапіцкі дзяржавай не прызнаецца. А мастакі, якія будзяць памяць пра рэпрэсаваных, перасьледуюцца ў адміністрацыйным парадку» (люты 2013).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пушкін: Дзяржава пакідае за сабой права рэпрэсаваць і надалей

«Зьбіраюся жыць доўга»

«Я зьбіраюся жыць доўга. Дзеткі мае любяць беларускую мову. Над хатай — бел-чырвона-белы сьцяг. Купальле, Каляды ладзім. Вось гэтымі стваральнымі рэчамі, сваімі творамі хачу як найдаўжэй і паболей проста парадаваць людзей» (сакавік 2013).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пушкін: «У мяне 25 сакавіка — вельмі жывое сьвята»

«Творчасьць Васіля Быкава — найважнейшы прыклад сумленнага служэньня мастацтву»

«Як для творчага чалавека, для мяне жыцьцё і творчасьць Васіля Быкава — найважнейшы прыклад сумленнага служэньня мастацтву. Не крывіць душой. Зь любімых герояў — канечне, мне падабаецца Сотнікаў, канечне, мне падабаюцца вобразы Петрака і Сьцепаніды. І мне вельмі падабаецца аповесьць „Жоўты пясочак“. Гэта капітальная рэч, цэлая алегорыя, цэлы апокрыф пра сёньняшні дзень. Як, у якой форме мастацкай паказана, што мы самі сваімі рукамі паслухмяна капаем сабе магілу. Як гэта актуальна цяпер — „Жоўты пясочак“! І надзвычай важнае ягонае выслоўе — няхай за вамі, моцнымі сьвету гэтага — перамога, але справядлівасьць і праўда — за намі» (чэрвень 2013).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пушкін: «У Быкаву я бачу глыбока веруючага хрысьціянскага пісьменьніка»

«Вы прыдумаеце чарговы бязглузды загад забіваць!»

«Тая вайна (СССР у Аўганістане — рэд.) была захопніцкай, і ганарыцца ўдзелам у ёй ні ў якім разе нельга. Рабіць з загінулых «аўганцаў» герояў? Я катэгарычна супраць. .... Я аднойчы схадзіў на Востраў сьлёз. Паслухаў Мар’яну Шчоткіну, Жадобіна — яны не прамаўляюць на беларускай мове, яны гавораць штампамі: «Они выполнили приказ». Зноў жа, маецца на ўвазе, што і мы выканаем іх загад, што б нам ні загадалі... Памятаю, як яшчэ ў 1989 годзе нас, 400 «аўганцаў», выклікалі ў менскі Першамайскі райкам партыі і ўручалі мэдалі ад імя аўганскага народу, дыплёмы ганаровага ваеннаслужачага. Я тады адмовіўся ад узнагароды. Сказаў: вы нас заўтра пашлеце ў Талін ці Тбілісі, прыдумаеце чарговы бязглузды загад забіваць! Я адмаўляюся і ня буду такія загады бяздумна выконваць» (люты 2014).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пушкін: Вайна ў Аўганістане — саромная для мяне тэма

«Мастацтва мусіць адцягваць увагу чалавека ад вайны»

«Роля мастака — антымілітарная, антываенная. Нельга забіваць адзін аднаго дзеля розных перакананьняў. Трэба ў любых умовах дамаўляцца і мірна суіснаваць. Мастацтва мусіць адцягваць увагу чалавека ад вайны» (люты 2016).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Пушкін: Мы пэндзлямі спынілі вайну!

«Ня бачу трывалай незалежнасьці Беларусі»

«Калі б нашае насельніцтва перастала скарачацца. Калі б я, беларус, ня быў пабіты расейцамі ў Крупках за маю мову і каб улада ня стала на іх бок. Калі б заробак у „Белрэстаўрацыі“ быў хаця б тысяча даляраў. Калі б усё гэта было так, то я б яму (Лукашэнку — рэд.) у жніўні завёз тачку ружаў і паклаў табліцу „За 26-гадовую плённую працу. Дзякуй“. Але я нічога гэтага ня бачу. Ня бачу найперш трывалай незалежнасьці Беларусі. Так, калі б я завёз тачку гною Кадыраву, то ён бы мяне ўжо згнаіў. Так, я магу хадзіць па вуліцах Менску ў вышывынцы. Але мой сон усё роўна неспакойны — што калі заўтра я прачнуся ў Беларусі ў складзе „союзного государства“. І менавіта таму я не завязу тачку ружаў Лукашэнку» (чэрвень 2020).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Другі раз тачку гною не павёз бы». Мастак Пушкін пра заслугі Лукашэнкі, Бабарыку і нацыяналізацыю «Евы»

«Ну што ж, я вам патрэбны, вось ён я, бярыце»

«Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба прапаноўваў застацца, ня ехаць у Беларусь. Дырэктарка „Арсэналу“ Алеся Астроўска-Люта казала: заставайцеся, будзем рабіць палітычны прытулак. Я сказаў, што паеду дахаты. Калісьці Пушкін босы хадзіў па Віцебску (пэрформанс, прысьвечаны Ясафату Кунцэвічу, які ладзіў раней мастак. — РС), насіў крыж Ясафата Кунцэвіча, вось узваліў той крыж і нясу дагэтуль. Ясафат Кунцэвіч нікуды ня бегаў, не хаваўся ў падземны ход пад Дзьвіну, не ўцякаў у лёхі базыльянскіх муроў, а выйшаў на ганак і сказаў: „Ну што ж, я вам патрэбны, вось ён я, бярыце“. Яго секанулі па лбе бердышом, звалілі, і ўсё» (сакавік 2021).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Забралі ўсе кнігі і плякаты на польскай мове». Мастак Алесь Пушкін пра сваю крымінальную справу

«Вясёлыя і сумныя дні, якія зьнесьлі хвалі Бабра... Увы, назаўжды...» (Верш, дасланы жонцы з турмы)

«А воды Бабра, нашай вялікай ракі, што сплывае
ля хаты на гарушцы — ужо колькі тысяч год
бягуць і бягуць на Захад (а не на Ўсход!)
Слаўных герояў справы зносіць іх вечны паток...
Зь імі — і зло, і дабро — нічога ня вернецца назад...
Толькі берагі і ўначы, і ўдзень неўміруча стаяць...
А мы на сваёй гарушцы, разам з гасьцямі,
давай расьсьцілаць дастархан...
і за глякам гарэліцы, ці восеньню, ці ў вясно-
вы вечар, з канапкамі
з фаршмакам і цыбуляй — што ты
зробіш з простым чорным
хлебам —
і гэтага дастаткова будзе! — Ня гэта галоўнае,
бо весела і радасна, з цудоўнай кампаніяй —
тых, хто з ахвотай да нас завітае —
і ў размове простай і шчырай
Весела будзем успамінаць нашага жыцьця
вясёлыя і сумныя дні, якія зьнесьлі хвалі Бабра...
...Увы, назаўжды...» (восень 2021).

Алесь Пушкін: фрагмэнты жыцьця. Фотагалерэя

Сюжэт цалкам:

У шпіталі памёр палітзьняволены мастак Алесь Пушкін​​​​​​​«Ён трапіў у шпіталь 10 ліпеня». Што вядома пра апошнія месяцы і тыдні жыцьця Алеся ПушкінаКім быў Алесь Пушкін, беларускі мастак, які памёр у зьняволеньніМіжнародныя рэакцыі на сьмерць Алеся Пушкіна: «Ня можам ігнараваць зьверствы беларускага рэжыму»Акцыя памяці Пушкіна ў Варшаве. Латушка паскардзіўся на «маруднасьць эўрапейскіх партнэраў», Пазьняк заклікаў стварыць «беларускі трыбунал»Малюнкі Алеся Пушкіна з турмы«Ён іх заўсёды раздражняў сваёй беларускай мовай». Згадвае сяброўка Пушкіна, чые партрэты ён маляваў за кратамі