Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таленты правінцыі: паміж творчасьцю і камэрцыяй


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Інэрцыя традыцыяў – магутная сіла. Калі мяне бралі ў войска, дык падпалкоўнік-нампаліт насьцярожыўся: “Працуеш у рэдакцыі "раёнкі"? Ага, пішаш... Не, паэты не для нас!” І разам з двума крымінальнікамі не падпусьціў да ракет – праявіў ідэалягічную пільнасьць! Нібыта перад ім быў не зялёны журналіст, а прывід Бродзкага... Дзіўна, але й зараз у стаўленьні да творчых людзей з правінцыі мала што зьмянілася, лічыць выбітны мастак з Крупскага раёну Алесь Пушкін:

(Пушкін: ) “Мясцовае насельніцтва мастаку не давярае. Нібыта той малюе карцінкі і прадае – ага! А насамрэч, гэта чалавек, які падбухторвае народ! І вось за падбухторваньне плоцяць NATO і ЦРУ! Гэта значыць, такі хлопец жыве ў нас у Бабры, які чакае, калі ж натаўскія танкі прыйдуць! Тады ён адчыніць ім вароты і стане бургамістрам Бабра... Жарт, але такая насьцярога ў людзей ёсьць”.

У суседніх краінах пасьля распаду Савецкага Саюзу такая вось нампалітаўская падазронасьць зьмянілася хваравітай цікаўнасьцю да асабістага жыцьця вядомых асобаў. А тутэйшыя пісьменьнікі ды мастакі наадварот адчулі ўзмацненьне ідэалягічнай, так бы мовіць, пільнасьці... Прычына палягае ў тым, мяркуе Сяргей Чарановіч зь Ляхавічаў, што людзей застрашылі новым, якое ідзе ад мясцовай эліты:

(Чарановіч: ) “Шмат праблемаў у чалавека, які хоча жыць нейкім духоўным, культурным жыцьцём. Тут асяродак такі, што любы чалавек, які займаецца мастацтвам, у вачах астатніх выглядае як дзівак. Гэта мішэнь для жартаў. Я – гарадзкі дзівак. Як мне казала адна з карэспандэнтак мясцовай газэты: “Мастакі – дзівакі, яны вар’яты”.

Лоеўскі мастак-аматар Васіль Віньнічак лічыць, што такое адбываецца найперш з падачы ўладаў:

(Віньнічак: ) “Цяжка, бо не заўсёды ўлады прымаюць больш адкрыты твор мастацтва, больш дэмакратычнае, якое выкрывае недахопы ў грамадзтве”.

Празаік Лявон Вашко жыве ў Мастах. Ён аўтар некалькіх кніжак. Неяк увагу да творчасьці правінцыйнага пісьменьніка праявілі замежнікі, запрасілі да сябе. І вось тут спадар Вашко ўзгадаў пра “нядрэмнае вока” КГБ: на мяжы яму ўчынілі сапраўдны допыт, ператрэсьлі ўсе кніжкі і ўрэшце сканфіскавалі:

(Вашко:) “У мяне ніякіх прэтэнзіяў да мытні няма. Такая сытуацыя сёньня тыповая для нашай дзяржавы, калі ператрусы часта зь пісьменьнікамі здараюцца. Хутчэй трэба вінаваціць агульную сытуацыю, чым паасобных людзей”.

На думку Лявона, тыя непрыемнасьці сталіся працягам ягонай палітычнай актыўнасьці. Сваім часам ён напісаў ліст прэзыдэнту ЗША з просьбай дапамагчы рызографам тым беларускім пісьменьнікам, якіх не друкуюць у дзяржаўных выдавецтвах. Тэхнікі не дачакаўся, а вось амэрыканскі ліст са словамі маральнай падтрымкі беражэ:

(Вашко:) “Ёсьць ліст з подпісам Клінтана. Ня ведаю, можа хто падрабіў... Прыйшоў адказ, наколькі я магу меркаваць, ад яго”.

Рэгіянальныя мастакі, што спрабуюць прарвацца на заходні рынак, спаўна зьведалі мытныя пакуты. Беларускае заканадаўства настолькі складанае, што многіх яно папросту зламала – людзі вырашылі працаваць толькі на айчынных пакупнікоў. Дарэчы, у суседніх Польшчы і Літве карціны зьяўляюцца ўласнасьцю аўтара, свае творы там можна вывозіць свабодна, а ў тутэйшых ледзьве ня ўсё лічыцца маёмасьцю дзяржавы. Распавядае гарадзенец Сяргей Грынкевіч:

(Грыневіч: ) “Афармляць трэба праз экспэртную камісію Міністэрства культуры, якая знаходзіцца ў Менску. Трэба абавязкова ехаць у Менск, рабіць фотаздымкі. І аўтар можа вывезьці толькі пяць сваіх палотнаў. Калі гэта выстава, то трошкі цяжэй і дакумэнтаў шмат розных”.

У сёньняшніх беларускіх умовах засьведчыць сваю актыўнасьць у любой сфэры і застацца па-за пільнаю ўвагай уладаў практычна немагчыма. І каб жа яна дапамагала творчасьці! Не, усё наадварот, канстатуе Сяргей Чарановіч з Ляхавічаў:

(Чарановіч: ) “Улада – гэта, як паводле Кафкі, нейкі замак, да якога можна ісьці-ісьці й не дайсьці. Гэта ізаляваная рэч. Я як мастак зьвяртаўся да людзей, якія адказваюць за культурніцкае жыцьцё раёну, з усялякімі прапановамі. Прыкладам, напісаць сэрыю карцінаў, дзе можна было б апісаць тыя маёнткі й фальваркі, якія яшчэ захаваліся. Мне адказалі: такое не патрэбна. Маўляў, быў Напалеон Орда, і болей нічога ня трэба. Я мяркую, гэта нізкі ўзровень культуры. Тут ніякай падтрымкі такім людзям, як я, ня будзе”.

Насамрэч пры ўмове выразнае палітычнае ляяльнасьці можна дамовіцца з вэртыкальлю. Ня варта думаць, што сярод чыноўнікаў скрозь невукі ды непрафэсіяналы. Шмат хто зь іх разумее і цэніць арыгінальных мясцовых творцаў, нават з такой выразнай дэмакратычнай рэпутацыяй, як у Алеся Пушкіна. Але казаць пра тое ўслых засьцерагаюцца. І мастак у пэўным сэнсе разумее іх, не цураецца паўпадпольных кантактаў зь мясцовым начальствам:

(Пушкін: ) “Ну і таксама любяць чыноўнікі зрэдку прыяжджаць. Толькі інкогніта. Каб замовіць нейкую карцінку ці партрэт сваёй каханкі. Просяць не казаць іхныя імёны. Машыну пакідаюць на дарозе, а заходзяць увечары, калі цямнее”.

Вынікае, ці ня большасьці тутэйшых жывецца лепш, чым мастакам ды пісьменьнікам: гэтых і ўлады недалюбліваюць, і знаёмцы пабойваюцца. Ды й на грошы яны ніколі не былі багатыя, тым больш сёньня. Што ж утрымлівае творцаў у правінцыі? Чаму не адрываюцца ад яе? Распавядае Алесь Пушкін:

(Пушкін: ) “Асноўнае адрозьненьне правінцыі ад горада – нясьпешнасьць і сапраўднасьць жыцьця. І каб я жыў у горадзе, я быў бы, напэўна, больш кан’юнктурны чалавек. А ў правінцыі я старамодны, я назіраю зводдаль. І гэта мой усьвядомлены выбар: жыць на сваёй радзіме, дзе жыў прадзед, дзе жыве бацька... Мне падабаецца бачыць сваю старэнькую маці, думаць пра сьвятога Мікалая, пра сваю цяжарную жоначку, думаць, як усё гэта намаляваць. Я люблю хадзіць у лес. У лесе – прыродным храме – і молішся, і адпускаеш сам сабе грахі, і спадзяешся на нешта, і марыш...”

А вось чаму не пакідае родныя мясьціны Лявон Вашко з Мастоў:

(Вашко: ) “Для мяне галоўнае — прыемнасьць у самой творчасьці. Самы лепшы ганарар — свабода творчасьці, свабода самавыяўленьня. Для мяне гэта зьяўляецца асалодаю. Нельга наракаць на Бога, што мала дае, таму што можа адабраць і тое, што даў”.

Калі ня ведаць, як жывецца мастоўскаму пісьменьніку, дык можа падацца, што ён – гэткі клясычны летуценьнік, засяроджаны выключна на высокім і цалкам адарваны ад зямных рэаліяў. Насамрэч працуецца Лявону цяжка. Ня кожны паверыць, але свае кніжкі Вашко уручную сшывае, клеіць вокладкі... Звычайны самвыдат! Бо грошай не хапае дый ня дужа ахвотна бяруцца за яго замовы друкарні – пабойваюцца непрыемнасьцяў:

(Вашко: ) “Калі напісана, частку тыражу рэалізаваў, зьнікае і сам імпэт... Цяжкасьці ёсьць у рэалізацыі. Кніжку ня возьме ні “Белсаюздрук”, ні кнігарня. Звычайна ўсё трымаецца на людзях, якія самадзейна распаўсюджваюць.”

Яшчэ адзін штрых да ўмоваў правінцыйнага жыцьця дадае лоеўскі мастак-аматар Васіль Віньнічак. Цяпер ён на пэнсіі, дагэтуль 35 год адпрацаваў сьлесарам у райсельгасхіміі:

(Віньнічак: ) “Асабліва бывае крыўдна, калі не пасьпяваеш. Тое натхненьне прыйшло, а дзесьці сьвіньня плот у хлеўчуку праламала. Трэба ісьці забіваць дошку. Калі немцы ў гасьцях былі, яны казалі: “У мяне брат на скрыпцы іграе й за гэта мае грошы”. А я ім: “У нас так не пражывеш”. “А як вы?” “Я й швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”. Я і сьлесар, я і па гаспадарцы магу, каб з голаду ня здохнуць. Каб мог сваё жыцьцё прысьвяціць прафэсіі, якой бы ён жадаў, але такога не бывае”.

З апошняю думкай не зусім пагаджаецца Алесь Пушкін – узгадаў прыклады, калі людзі кідалі працу, каб цалкам засяродзіцца на творчасьці:

(Пушкін: ) “Я ведаю самадзейнага мастака ў Крупках, які працаваў у банку, але любіў маляваць. Творчая натура не выносіць лічбаў. Але сутыкнуўся з масай цяжкасьцяў. Па-першае, трэба зарэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік, калі ты не сябра Саюзу мастакоў. Па-другое, плаціць фіксаваны падатак. Па-трэцяе, Менскі мастацкі камбінат накладвае “лапу” на ўсю вобласць. І яму няма працы”.

Часьцяком літаратар або мастак упарта працуе, але застаецца незаўважаным ні крытыкай, ні ўладамі, ні грамадзтвам. Некаму ўрэшце рэшт шанцуе, а нехта так і не дабіваецца вядомасьці. Дырэктар Гомельскага абласнога музэя часьцяком чуе папрокі: маўляў, замаўляе карціны толькі “сваім людзям”! Ён не пагаджаецца з кіўкамі на ўласную палітычную ангажаванасьць:

(Мішчанка: ) “Больш за ўсё мы купляем ня жывапіс, а экспанаты мінуўшчыны, якія маюць дачыненьне да нашай гісторыі. Выдзяляе бюджэт мэтавыя сродкі. Але хацелася б больш. Сучасны жывапіс мы вельмі мала набываем. У межах дзесяці твораў мы можам купіць”.

Рэаліі новага жыцьця вымушаюць творчых людзей або самім актыўна займацца камэрцыяй, або шукаць спонсараў. Але гэтаму, па-першае, перашкаджае славуты беларускі мэнталітэт. Па-другое, што ўжо мастакі ды паэты, калі ў беларускіх умовах ня могуць разгарнуцца нават прадпрымальнікі са стажам. У выніку большасьць правінцыйных талентаў пазбаўленая магчымасьці выдавацца, выстаўляцца – зарабляць на жыцьцё любай справай. Распавядае гомельскі паэт Міхась Болсун:

(Болсун: ) “Трэба, каб тоўстая была кішэня, грашыма напоўненая. Калі ты хочаш пакінуць на памяць нейкую кніжку ўнукам ці праўнукам, то перш за ўсё зьбірай грошы”.

І зноў у спрэчку ўступае Алесь Пушкін. На яго думку, выйсьце – хоць і няпэўнае – заўсёды ёсьць. Напрыклад, можна заключыць зьдзелку з творчым сумленьнем і даволі пасьпяхова гнаць, так бы мовіць, “аголеную натуру”. Або – зьдзелку са сваім грамадзянскім “Я” і ляпіць для ўлады ідэалягічна вытрыманыя плякацікі ў падтрымку “адзіна правільнага курсу”:

(Пушкін: ) “І тут якраз выяўляюцца рысы двулічнасьці ў чалавека. Ён будзе маляваць і партызанаў, і голых жанчынаў, ён будзе брацца і за дажынкаўскія партрэты мэханізатараў, і за аздабленьне герба ды сьцягаў. Ён хацеў быць свабодным, але стаў яшчэ больш залежным”.

Таму, лічыць мастак з Бабра, за арыенцір трэба браць наступнае:

(Пушкін: ) “Выйсьце ў простых людзей, якія ня вельмі вядомыя, усё ж станавіцца прадпрымальнікамі”.

У гомельскага празаіка Анатоля Бароўскага свой погляд на праблему –сёньняшнія ўмовы якраз спрыяюць творчаму чалавеку. Адное важна: не чакаць, пакуль нехта разгледзіць у табе талент і з паклонам прынясе грошы – маўляў, прымі, браце, калі ласка, і толькі пішы! Не, шукай сродкі сам.

(Бароўскі: ) “Сёньня напішаш цок-цок-цок на сямістах старонках пра Чапаева – і можаш выдаць. Графаманы, а іх вельмі шмат у Беларусі, ідуць у калгасы, саўгасы, да дырэктара прадпрыемства па грошы. Той кіраўнік павінен мець сувязь са старшынём абласной пісьменьніцкай арганізацыі: выдаваць ці не выдаваць тую кніжку?”

Аднак на думку большасьці калегаў наўрад ці ўдасца ўзяць пад грамадзкі кантроль такую далікатную справу, як спонсарства. Урэшце рэшт, каму даваць грошы – гэта ня толькі прыхамаць, але і права мэцэната. Зь іншага боку, рацыянальнае зерне тут ёсьць. Нездарма ў Расеі, а затым і ва Ўкраіне правялі агульнанацыянальныя конкурсы “Культурны герой 21-га стагодзьдзя” з мэтай выяўленьня рэгіянальных талентаў, якіх неабходна падтрымаць. Для Беларусі такія маштабныя акцыі тым больш актуальныя. Бо ў параўнаньні з суседзямі тут мацней захавалася савецкая схема набыцьця статусу і рэпутацыі правінцыйных талентаў выключна праз сталічнае прызнаньне. Ды што ўвага з боку Менска, калі іх усё часьцей не заўважаюць нават дома.

(Чарновіч: ) “Я адчуваю сябе нейкім такім залішнім. І я не таму жыву адасоблена, што ў мяне такая мэта, а таму што такія абставіны. Няма з кім пагуратыць пра тыя справы, якія мяне цікавяць як мастака. Я адчуваю сябе ізаляваным. І гэта праблема”.

Сяргея Чарановіча дапаўняе паэт, бард з Маладэчна Леанід Тышкевіч:

(Тышкевіч: ) “Творчаму чалавеку нялёгка. Бо запатрабаванасьць маёй творчасьці не такая вялікая, як, прыкладам, у Менску. Там мне было б лягчэй”.

І ўсё ж нягледзячы ні на што творчыя лідэры правінцыі жывуць і працуюць з надзеяй на лепшае. Яны засьцерагаюцца высокіх словаў, аднак выдатна разумеюць: бязь іх і ў Бабры, і ў Маладэчне, і ў Мастах, і ў Лоеве , і ў Ляхавічах жыцьцё будзе няпоўным. Прынамсі, для тых беларусаў, што пачынаюць падымацца, лічыць Алесь Пушкін:

(Пушкін: ) “Мастацтва патрэбна вельмі рэдкім людзям. І калі яно ўжо патрэбна, то гэтыя людзі разумеюць усё. І мая стаўка ўрэшце рэшт і ёсьць на гэтых людзей. Было б добра, каб нейкі хлопчык у нашым мястэчку сказаў: “Вось, мама, дзядзя Саша Пушкін скончыў школу мастацкую, скончыў Акадэмію, навучыўся так прыгожа маляваць... Жыве. Піша карцінкі. Ажаніўся, нарадзіў дзетак. Вунь як добра жыве, я таксама гэтак хочу жыць.”

Пушкін змаўкае і дадае: не, ў нашых наступнікаў мусіць быць лепшая доля. Ва ўсялякім разе ён з калегамі-аднадумцамі працуе дзеля гэтага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG