Расея заблякавала тры дзясяткі караблёў з украінскім збожжам для краін Азіі і Афрыкі

Адзін з украінскіх марскіх портаў у Адэсе, які бярэ ўдзел у збожжавай ініцыятыве. Ілюстрацыйнае фота

Раней міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея больш ня будзе працягваць дзеяньне трохбаковых дамоўленасьцяў.

Урад Украіны паведаміў, што Расея з 26 чэрвеня цалкам спыніла рэгістрацыю новага флёту для паставак украінскага збожжа і сельскагаспадарчай прадукцыі на ўсясьветны рынак.

«29 караблёў, якія мусяць экспартаваць 1,4 мільёна тон харчу пераважна для пяці краін Азіі і Афрыкі, заблякавала Расея ў тэрытарыяльных водах Турэччыны», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага ўраду.

Паводле мінулых дамоўленасьцяў, дзеяньне чарнаморскага калідора для ўкраінскага збожжа падоўжылі да 17 ліпеня.

2 чэрвеня Расея заблякавала ў тэрытарыяльных водах 50 караблёў. Тады ААН заявіла, што спыненьне збожжавай ініцыятывы будзе мець нэгатыўныя наступствы для глябальнага рынку харчаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея спыніла «збожжавы калідор» у Чорным моры, у ААН заявілі аб пагрозе голаду ў сьвеце

14 чэрвеня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея больш ня будзе працягваць дзеяньне трохбаковых дамоўленасьцяў, паколькі нібыта Ўкраіна і заходняя кааліцыя не выконваюць пакета сваіх абавязаньняў, якія датычацца зьняцьця санкцый на ўгнаеньні і пастаўка аміяку праз Украіну.

23 чэрвеня ААН «настойліва» заклікала ўсе бакі збожжавай ініцыятывы зьліквідаваць усе перашкоды і забясьпечыць дзеяньне дамовы.

17 траўня збожжавае пагадненьне, якое прадугледжвае вываз харчу з партоў Украіны, падоўжылі на два месяцы, да 17 ліпеня.

Ужо тады Расея патрабавала для падоўжаньня ініцыятывы выканаць шэраг яе моў, сярод якіх перападключэньне да сыстэмы SWIFT Расейскага сельскагаспадарчага банку, узнаўленьне паставак у Расею замежнай сельскагаспадарчай тэхнікі, разблякаваньне замежных актываў расейскіх кампаній, зьвязаных з вытворчасьцю, адмена абмежаваньняў на страхаваньне і доступ у парты для расейскіх суднаў і грузаў, узнаўленьне працы аміякаправоду Тальяці — Адэса.

Пагадненьне, вядомае як Чарнаморская збожжавая ініцыятыва, Расея і Ўкраіна заключылі пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны ў ліпені 2022 году. Яно прадугледжвае мэханізм вывазу з украінскіх партоў збожжа і іншых харчовых тавараў. Тэрмін дзеяньня пагадненьня мусіў скончыцца 18 сакавіка.

Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году да ліпеня парты Украіны былі цалкам заблякаваныя. ААН і многія краіны заяўлялі, што блякада экспарту прадуктаў харчаваньня з краіны можа прывесьці да глябальных наступстваў, аж да голаду ў самых бедных краінах.

Украінскі бок паведаміў, што за 10 месяцаў дзейнасьці ініцыятывы Ўкраіна экспартавала больш як 30,5 мільёна тон прадукцыі ўкраінскіх аграрыяў. Ва Ўкраіне лічаць, што праз сабатаж Расеі, якая цягам апошніх сямі месяцаў пэрыядычна блякуе працу, сьвет недаатрымаў сама меней 20 мільёнаў тон харчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Збожжавае пагадненьне падоўжылі на 2 месяцы. Расея да апошняга не пагаджалася

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.