Украіна пакуль не змагла рэалізаваць перавагу ад крызісу ў Расеі, але працягвае вяртаць свае тэрыторыі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 26 чэрвеня наведаў перадавую ў Запароскай вобласьці

У Мінабароны Ўкраіны заявілі, што іх вайскоўцы на франтах прасоўваюцца наперад, але цяжка і павольна.

Украінскія войскі працягваюць наступальныя апэрацыі на некалькіх кірунках усходу і поўдня краіны, а таксама актывізуюць атакі на базы расейскай арміі на захопленых ёй тэрыторыях.

Цяжкія баі ў Запароскай і Данецкай абласьцях

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што ўкраінскія войскі дасягнулі частковага посьпеху на мелітопальскім і бярдзянскім кірунках (Запароская вобласьць. — РС).

Мясцовыя жыхары паведамілі, што раніцай у Бярдзянску прагучала каля 10 выбухаў. Напярэдадні расейцы нібыта дысьлякавалі на мясцовы аэрадром вялікую колькасьць сваіх самалётаў.

«На флянгах гораду Бахмуту нашы войскі працягваюць ціснуць на праціўніка, выбіваюць з раней захопленых пазыцый. Маюць посьпех, замацоўваюцца. Праціўнік чыніць супраціў і мае вялікія страты. Працягваюць цяжкія баі», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага Генштабу.

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр прызнала, што ўкраінскія вайскоўцы прасоўваюцца наперад, але гэта адбываецца вельмі цяжка і павольна.

«Нашы „выгрызаюць“ у ворага кожны мэтар зямлі ў цяжкім двубоі. Маюць посьпехі», — напісала Ганна Маляр напярэдадні ў сваім тэлеграм-канале.

У сытуацыйным цэнтры Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі, што за апошнія содні Расе абстраляла тэрыторыю 9 абласьцей Украіны — 102 населеныя пункты і 49 аб’ектаў інфраструктуры. Ёсьць загінулыя і параненыя сярод цывільных. «Колькасьць ахвяр удакладняецца», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы ім прапанавалі закінутую частку». Што вядома пра магчымы лягер ПВК «Вагнэр» у Беларусі. Фота са спадарожніка

ЗША: рознагалосьсі ўнутры Расеі могуць дапамагчы Ўкраіне ў наступе

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен мяркуе, што нядаўні ўзброены мяцеж у Расеі можа дапамагчы Ўкраіне ў контрнаступе.

«Бяз сумневаў, ён [наступ] ідзе цяжка, таму што ў Расеі было шмат месяцаў на тое, каб выстраіць абарону», — сказаў Энтані Блінкен у інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу MSNBC, перадае «Голас Амэрыкі».

Паводле яго, цяпер у Маскве пераключыліся на ўнутраныя рознагалосьсі.

«І гэта можа дапамагчы. Сілы „Вагнэра“ не знаходзяцца на перадавой, і гэта можа дапамагчы, таму што яны былі неэфэктыўныя. Яны літаральна кідалі людзей у мясарубку, створаную самім Пуціным, але гэта мела пэўны эфэкт. Таму я мяркую, што ва Ўкраіны ёсьць некаторыя магчымасьці. Думаю, гэта будзе адбывацца не ў найбліжэйшыя дні, а ў наступныя тыдні і месяцы», — патлумачыў Энтані Блінкен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Лукашэнка атрымаў і іншыя актывы, акрамя падзякі Пуціна». Арцём Шрайбман — пра мяцеж, вайну і выбары

У Мінабароны Расеі сьцьвярджаюць, што абстрэльваюць вайсковыя аб’екты

Міністэрства абароны Расеі нічога не паведамляе аб сваіх дасягненьнях на фронце і пераважна зьвяртае ўвагу толькі на нібыта «вельмі дакладныя» ўдары па населеных пунктах Украіны.

У прыватнасьці, паводле расейскага Мінабароны, у Краматорску ў выніку расейскага абстрэлу нібыта загінулі «два ўкраінскія генэралы, афіцэры і 20 іншаземцаў», які ваююць на баку Ўкраіны. Хоць дакладна вядома, што ў выніку расейскага ўдару па Краматорску загінулі цывільныя і атрымалі раненьні пісьменьнікі з Калюмбіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт Калюмбіі абураны за суайчыньнікаў, параненых у Краматорску ад расейскіх ракет

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.