Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што расейскія войскі паступова выходзяць з Запароскай АЭС.
«Аднымі зь першых паехалі тры супрацоўнікі «Росатома», якія кіравалі дзеяньнямі расейцаў. Таксама рэкамэндацыі эвакуавацца атрымалі ўкраінскія супрацоўнікі, якія падпісалі кантракт з «Росатомом», — паведамілі ва ўкраінскай выведцы.
Паводле вайсковай выведкі Ўкраіны, усе мусяць выехаць да 5 ліпеня ў акупаваны Крым. Адначасова ў горадзе-спадарожніку станцыі Энэргадары паступова зьмяншаецца колькасьць вайсковых патрулёў.
«Пэрсаналу, які застаецца на станцыі, далі ўказаньне ў выпадку любых аварыйных сытуацый абвінавачваць Украіну», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскай выведкі.
Спраўдзіць усю гэтую інфармацыю ва ўмовах вайны і адсутнасьці допуску незалежных журналістаў на месца падзеяў немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі тэрмінова зьвярнуўся да ўкраінскага народу і міжнароднай супольнасьці: «Расея рыхтуе тэракт на Запароскай АЭС»22 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея пасьля тэракту на Кахоўскай гідраэлектрастанцыі рыхтуе новы тэракт, на Запароскай АЭС.
Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта, назваў заяву Ўладзіміра Зяленскага аб падрыхтоўцы тэракту на ЗАЭС «хлусьнёй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне стварылі надзвычайныя штабы на выпадак здарэньня на акупаванай Запароскай АЭС23 чэрвеня ва Ўкраіне пачалі ствараць надзвычайныя штабы і праводзіць вучэньні па рэагаваньні ўсіх экстраных службаў на выпадак здарэньня на акупаванай Запароскай АЭС.
25 чэрвеня начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыла Буданаў заявіў, што расейскія войскі перакінулі начыненае выбухоўкай абсталяваньне на чатыры энэргаблёкі Запароскай АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіраўнік украінскай выведкі: Расея падрыхтавала Запароскую АЭС да выбухуЗапароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. Цяпер усе яе блёкі спыненыя, але яна патрабуе вонкавых энэрга- і водарэсурсаў для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.
Запароская АЭС папаўняла аб’ём вады, неабходнай для сыстэм бясьпекі, з Кахоўскага вадасховішча. Раніцай 6 чэрвеня стала вядома аб разбурэньні дамбы Кахоўскай ГЭС. У яе падрыве ўкраінскія ўлады абвінавацілі расейскія акупацыйныя войскі, якія захапілі і кантралявалі ГЭС з 24 лютага 2022 года. Расейскія акупацыйныя ўлады, наадварот, заяўляюць, што менавіта ўкраінскія вайскоўцы абстралялі і пашкодзілі дамбу Кахоўскай ГЭС.
Ва ўкраінскай кампаніі «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне ўсімі атамнымі электрастанцыямі ва Ўкраіне, заявілі, што падрыў дамбы на Кахоўскім вадасховішчы стварае дадатковыя пагрозы для бясьпекі акупаванай расейцамі Запароскай АЭС.
Расея неаднаразова заяўляла, што Ўкраіна абстрэльвае станцыю. Але экспэрты МАГАТЭ гэтага не пацьвярджалі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.