У Беларусі ратыфікавалі папраўкі ў пагадненьне з Расеяй аб рэгіянальнай групоўцы войскаў. Сам дакумэнт не публікуюць
Вайсковая тэхніка на Обуз-Лясноўскім палігоне
Палата прадстаўнікоў прыняла гэты закон 31 траўня, Савет Рэспублікі ўхваліў яго 14 чэрвеня.
Прэс-служба Міністэрства абароны патлумачыла, што пратакол падпісалі «ў мэтах удасканаленьня нарматыўнай прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ў вайсковай сфэры».
Дакумэнт, у прыватнасьці, удакладняе парадак «фінансаваньня сумесных мерапрыемстваў па забесьпячэньні функцыянаваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў».
Рэгіянальная групоўка войскаў (РГВ) Беларусі і Расеі пачала фармавацца на беларускай тэрыторыі ў кастрычніку 2022 году, афіцыйна — у сувязі з «абвастрэньнем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы». Гэта адбывалася на фоне разьвязанай Расеяй вайны супраць Украіны.
Першая рэдакцыя закону выйшла 19 сьнежня 1997 году, яшчэ на пачатку прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, а кіраўніком Расеі тады быў Барыс Ельцын. Ані беларускі партал нарматыўных дакумэнтаў, ані расейскі не падаюць дэталяў новага дакумэнту.
Такім чынам, пра маштаб фінансаваньня і пра парадак працы РГВ падрабязнасьці невядомыя. У канцы траўня ў Менск прылятаў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу, але размова зь беларускім калегам Віктарам Хрэніным праходзіла пра разьмяшчэньне ядзернай зброі ў беларускіх сховішчах. Ці закраналася пры гэтым тэма РГВ — невядома.
Раней Лукашэнка заяўляў, што кантынгент групоўкі будзе раўняцца прыкладна 9 тысячам чалавек. Аднак ніякіх удакладненьняў гэтай інфармацыі і доказаў не было. Навучаньнем і падрыхтоўкай падразьдзяленьняў рэгіянальнай групоўкі войскаў займаецца больш за 500 беларускіх інструктараў, заяўляў начальнік галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Ўзброеных сіл Аляксандар Бас. РГВ трэніравалі на Обуз-Лясноўскім палігоне.