Зь Беларусі — гімн Расеі, з Украіны — зварот Ціханоўскай. У Кіеве расказалі аб інфармацыйных апэрацыях на мяжы

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Архіўнае фота

Днямі ўкраінскія інфармацыйныя рэсурсы паведамілі, што на ўкраінскім беразе Дняпра насупраць беларускага горада Лоеў уключалі запісы зваротаў Сьвятланы Ціханоўскай і камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага, які змагаецца на баку Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў Свабодзе, што беларускія памежнікі актывізавалі інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі на мяжы з Украінай пасьля зьмены кіраўніцтва Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

«За апошні час мы пачалі больш фіксаваць гэтых відэазваротаў, іх пачаў уключаць беларускі бок. Спачатку згадвалі кулінарныя стравы, потым асобныя прадукты харчаваньня, потым перайшлі да палітычнага складніка. Ня выключана, што гэта пачало рабіцца пасьля таго, як памежнае ведамства Беларусі ачоліў Канстанцін Моластаў», — сказаў Андрэй Дземчанка Свабодзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінцы на мяжы зь Беларусьсю пачалі трансьляваць відэазапіс аб злачынствах расейскіх вайскоўцаў у Бучы

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны нагадаў, што цяперашні кіраўнік беларускіх памежнікаў атрымліваў адукацыю ў розных установах ФСБ Расеі.

«Ня выключана, што Расея працягвае навязваць сваіх кандыдатаў на розныя дзяржаўныя высокія пасады ў Беларусі, і менавіта з моманту зьмены кіраўніка павялічылася колькасьць інфармацыйна-псыхалягічных апэрацый, якія мы фіксуем з таго боку мяжы», — сказащ ён.

Андрэй Дземчанка адзначыў, што тады ўкраінскі бок пачаў ажыцьцяўляць адпаведныя адказы.

«Некалькі разоў давалі адказ беларускім памежнікам аб тым, што ня варта спрабаваць уварвацца на тэрыторыю Ўкраіны і падтрымліваць Расею як краіну-тэрарыстку, бо гэта можа нядобра закончыцца для тых, хто будзе спрабаваць зайсьці з тэрыторыі Беларусі са зброяй.

Мы таксама бачым, што да зваротаў да беларускага народу далучаецца, у тым ліку, і полк імя Каліноўскага, іх звароты таксама ўключалі побач зь мяжой, каб той бок мог іх пачуць», — паведаміў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Днямі ўкраінскія інфармацыйныя рэсурсы паведамілі, што на ўкраінскім беразе Дняпра насупраць беларускага горада Лоеў уключалі запісы зваротаў Сьвятланы Ціханоўскай і камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага, які змагаецца на баку Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі.

Паводле Андрэя Дземчанка, беларускія памежнікі даволі часта ўключаюць на сваім баку расейскі гімн.

«Гэта, уласна, таксама можа сьведчыць, што Беларусь, на жаль, застаецца пад дыктатарскім уплывам, у тым ліку і Расеі», — дадаў ён.

На пытаньне, хто стварае ўсе адказы беларускім памежнікам, Андрэй Дземчанка адказаў:

«Неабыякавыя грамадзяне. Некалькі разоў адказвалі і памежныя падразьдзелы», — дадаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Андрэй Дземчанка падкрэсьліў, што Ўкраіна ня мае намераў атакаваць Беларусь, нягледзячы на тое, што зь беларускага боку па-ранейшаму застаецца патэнцыйная пагроза.

«Мы памятаем і 24 лютага, і мы разумеем, што на тэрыторыі Беларусі працягваюць заставацца расейскія вайскоўцы. І хоць яны цяпер ня маюць дастатковай групоўкі для нападу, але пагроза зь Беларусі ўсё роўна застаецца. І гэта вынік таго дыктатарскага рэжыму, які ёсьць у Беларусі», — патлумачыў ён.

«Мы разумеем, што беларускі народ ня хоча ваяваць з Украінай, але ён застаецца пад уплывам дыктатуры, якая падтрымлівае Расею, і нагнятае сытуацыю, у тым ліку ядзерным шантажом і магчымым перакіданьнем расейскіх наймітаў прыватных кампаній. Пакуль мы гэтага не фіксуем, але выключыць гэта немагчыма, улічваючы дзеяньні Расеі і падтрымку, якую аказвае Беларусь краіне-тэрарыстцы», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.

Паводле яго, усе ўкраінскія адказы на інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі Беларусі зьяўляюцца «папярэджаньнем для тых, хто паспрабуе зайсьці ва Ўкраіну са зброяй», і заклікам да беларускага народу, каб грамадзяне перасталі быць «інструмэнтам у руках дыктатарскай улады».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінцы павіншавалі беларускіх памежнікаў з 9 траўня плякатамі пра перамогу над «рашызмам» і гімнам Украіны

З пачатку вайны на ўкраінскім баку ў памежжы зь Беларусьсю пэрыядычна зьяўляецца бел-чырвона-белы сьцяг. Украінскія памежнікі таксама дэманстравалі беларускаму боку ролікі пра ваенныя злачынствы расейскай арміі ў Кіеўскай вобласьці. Мясцовыя ўлады назвалі гэта «вайной білбордаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Атрымліваў адукацыю ў вучэльні КГБ СССР і Акадэміі ФСБ Расеі. Што вядома пра новага кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэту

Аляксандар Лукашэнка 30 траўня звольніў Анатоля Лапо, які ачольваў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі з канца 2016 году, і прызначыў на гэтую пасаду Канстанціна Моластава. Ён нарадзіўся ў Расеі і вучыўся спачатку ў памежным вучылішчы КДБ СССР, якое знаходзілася ў Алма-Аце, а ў 2004 годзе скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.