Пасьля прарыву дамбы Кахоўскай ГЭС па Дняпры дрэйфуюць 150 тон змазкі і нафты, затопленыя лясы — офіс прэзыдэнта Ўкраіны

Затопленая мясцовасьць у Херсонскай вобласьці, Украіна.

Пасьля прарыву плаціны Кахоўскай ГЭС па Дняпры дрэйфуюць плямы змазкі і нафты вагой ня менш за 150 тонаў, якія могуць дабрацца да Міжземнага мора.

Пра гэта заявіў кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак у сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго слоў, у самой Украіне затоплена больш за 50 тысяч гектараў лясоў. «Прынамсі палова зь іх загіне. Гэта больш, чым плошча лясоў Ісьляндыі», — цытуе Ярмака «Настоящее время».

Кахоўскае вадасховішча, як адзначыў Андрэй Ярмак, пакрыта мёртвай рыбай. Паводле яго зьвестак, гэта «прыблізна 95 тысячаў тон жывых біярэсурсаў».

«На берагах Чорнага мора ў Баўгарыі і Турэччыне знаходзяць целы дэльфінаў з украінскіх берагоў. Зафіксавана больш за 150 афіцыйных выпадкаў. Не выключана, што плынь прынясе ў гэтыя краіны казуль, лісіц і зайцоў з паўднёвага рэгіёну Ўкраіны. На затопленай тэрыторыі пражывала каля 20 тысячаў асобін дзікіх жывёлаў», — паведаміў Ярмак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы загінулі 17 грамадзян, яшчэ 31 лічыцца зьніклымі бязь зьвестак

Прарыў дамбы Кахоўскай ГЭС адбыўся ў ноч на 6 чэрвеня. Яна разьмешчана вышэй Херсона па цячэньні Дняпра, у пасёлку Новая Кахоўка. Катастрофа нанесла вялізны ўдар па эканоміцы Ўкраіны і экалёгіі поўдня краіны і Чорнага мора. Міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко раней заявіў, што вада ў Дняпры забруджана ў 28 тысяч разоў больш за норму і ўся акваторыя ніжэй Кахоўскай дамбы «непрыдатная для выкарыстаньня».

Кіраўнік украінскага Міністэрства аховы здароўя спадзяецца, што пры выкананьні санітарных нормаў успышак эпідэміяў можна будзе пазьбегчы. Пры гэтым, як адзначыў ён, рызыкі ўспышак захворваньняў вялізныя: «Таму што выконваць супрацьэпідэмічныя ўмовы, апрацаваць харчовыя прадукты і іншыя рэчы безь пітной вады ў дастатковай колькасьці праблематычна. Вада адыдзе, дзесьці будзе балоцістая мясцовасьць, а дзесьці будзе падсыхаць, будзе разносіцца пыл. Гэта ўсё зона рызыкі».

Украіна, ЭЗ і Вялікая Брытанія ўсклалі адказнасьць за тое, што адбылося, на Расею. Кіеў лічыць, што гаворка ідзе аб «падрыве канструкцый знутры», зробленым у надзеі спыніць контранаступ УСУ. Расейскі бок абвяргае абвінавачаньні і называе прарыў Кахоўскай ГЭС «наўмыснай дывэрсіяй Украіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея адмовіла гуманітарнай місіі ААН у доступе на акупаваныя ёй падтопленыя тэрыторыі. У Крамлі патлумачылі, чаму

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне заявілі аб катастрафічным забруджаньні паверхневых водаў у басэйне Дняпра

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.