«Асабістая помста ГУБАЗіКа за праваабарончую дзейнасьць». Эніра Браніцкая аб прысудзе Насьце Лойцы

Наста Лойка, архіўнае фота

Праваабаронца і сяброўка Насты Лойкі назвала прысуд «асабістай помстай ГУБАЗіКа».

У Менскім гарадзкім судзе 20 чэрвеня вынесьлі вырак праваабаронцы Насьце Лойцы. Прысуд абвяшчалі на адкрытым пасяджэньні, але сам працэс праходзіў у закрытым фармаце, як і большасьць судоў апошняга часу над вядомымі асобамі.

Лойку абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне сацыяльнай варожасьці»). За гэта пагражае да 12 гадоў турмы. У выніку праваабаронца атрымала 7 гадоў зьняволеньня агульнага рэжыму. Наста заявіла ў судзе, што будзе абскарджваць вырак; паводле назіральнікаў, яна трымалася на працэсе добра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцу Насту Лойку асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня 

«Падставай для перасьледу Насты стаў даклад, які яна падрыхтавала ў 2018 годзе, але гэты даклад аб перасьледзе анархістаў і іншых левых актывістаў дагэтуль зьмешчаны на сайце, які не прызнаны экстрэмісцкім. І сам даклад не прызнаны экстрэмісцкім. Наста заўсёды імкнулася абараняць самых неабароненых і рабіла гэта прафэсійна, таму крытычна ацэньвала дзеяньні міліцыянтаў, у прыватнасьці супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС, якія перасьледавалі анархістаў. Таму гэты прысуд — яўная помста ГУБАЗіКа за гэту праваабарончую дзейнасьць Насты», — мяркуе Эніра Браніцкая.

У 2022 годзе Наста Лойка адбыла некалькі адміністрацыйных арыштаў на Акрэсьціна, пасьля чаго яе зьмясьцілі на «Валадарку» па крымінальным абвінавачаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: праваабаронцу Насту Лойку білі электрашокерам за пароль ад тэлеграма

«Мы абмяркоўвалі, ці варта ёй было выехаць. Небясьпеку яна ўлічвала, але зыходзіла з таго, што за ёй не было ўдзелу ў шэсьцях падчас масавых пратэстаў, не было іншых дзеяньняў, якія ўлады трактавалі як парушэньні закону. Наста лічыла, што нейкі закон, нейкія нормы яшчэ працуюць у гэтай краіне. Цяпер відавочна, што гэта было ўсё ж ідэалістычнае ўяўленьне».

Праваабаронца спадзяецца, што ў Лойкі хопіць сілаў вытрымаць тэрмін, які ёй прызначыў суд.

«Сем гадоў — гэта жудасны тэрмін, але сёньня можна чакаць чаго заўгодна. Мы будзем яе падтрымліваць і спадзяёмся, што ёй хопіць сілаў і мужнасьці вытрымаць гэтыя выпрабаваньні», — кажа Эніра Браніцкая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца Аб’яднанага кабінэту Гарбунова заклікала дасылаць Насьце Лойцы «грашовыя пераводы, вэганскія пасылкі і тэлеграмы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наста была голасам тых, каго было не чуваць», — Ціханоўская аб прысудзе Лойцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт чэскага Сэнату заклікаў прызнаць КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм