Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт чэскага Сэнату заклікаў прызнаць КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм


Былы кіраўнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў (у цэнтры), 2020 год.
Былы кіраўнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў (у цэнтры), 2020 год.

Камітэт замежных спраў, абароны і бясьпекі Сэнату Чэскай Рэспублікі на чале з сэнатарам Паўлам Фішарам прыняў пастанову адносна рэпрэсій у Беларусі супраць грамадзянскай супольнасьці.

Як паведаміў Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы, праект пастановы, падрыхтаваны камітэтам, будзе разгледжаны на паседжаньні Сэнату 15 лютага.

У дакумэнце даецца ацэнка цяперашняга становішча ў Беларусі, а менавіта:

  • КДБ і ГУБАЗіК выкарыстоўваюцца рэжымам для перасьледу апазыцыі і запалохваньня грамадзянскай супольнасьці Беларусі;
  • арганізацыі зьдзейсьнілі акт дзяржаўнага тэрарызму і замаху на дэмакратыю, свабоду слова і эўрапейскі сувэрэнітэт, пасадзіўшы самалёт авіякампаніі Ryanair і затрымаўшы Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу;
  • зь лютага 2022 году ўзброеныя сілы Расейскай Фэдэрацыі ажыцьцяўляюць напады на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, што робіць вышэйшых прадстаўнікоў беларускага рэжыму саўдзельнікамі злачынства агрэсіі, учыненьнем якога яны груба парушаюць Статут ААН;
  • нязгода з ваеннай агрэсіяй Расеі супраць Украіны сёньня ў Беларусі лічыцца злачынствам;
  • у Беларусі прымяняецца сьмяротная кара, з шэрагам пратэстоўцаў абыходзяцца як з тэрарыстамі, каб да іх можна было прымяніць вышэйшую меру пакараньня;
  • судовыя пасяджэньні з удзелам несправядліва асуджаных часта праходзяць без удзелу грамадзкасьці і журналістаў, таму грамадзкі кантроль за дзеяньнямі пэнітэнцыярных структураў адсутнічае;
  • на сёньняшні дзень у Беларусі каля 1450 палітвязьняў, іх колькасьць павялічваецца, да іх ня маюць доступу ні чальцы семʼяў, ні прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, ні назіральнікі.

З улікам вышэйназванага, сэнацкая камісія рэкамэндавала ўраду накласьці санкцыі на супрацоўнікаў карных структураў КДБ і ГУБАЗіК і з улікам іх мэтадаў абвясьціць іх арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.

Таксама прапануецца:

  • забясьпечыць працяг візавай праграмы «Грамадзянская супольнасьць» на наступны пэрыяд;
  • даваць новыя ўрадавыя стыпэндыі для абраных беларускіх студэнтаў;
  • выкарыстаць усе іншыя інструмэнты, каб аказваць эфэктыўную дапамогу грамадзянскай супольнасьці, незалежным СМІ і журналістам, якія працуюць у Беларусі, а таксама тым, якія перамясьцілі сваю дзейнасьць за мяжу.

Камэнтуючы рашэньне сэнацкай камісіі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка сказаў, што яно «было б немагчыма без плянамернай працы юрыстаў і дыпляматаў Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва і прадстаўніцтва Абʼяднанага пераходнага кабінэту Беларусі па транзыце ўлады, шматлікіх сустрэч з парлямэнтарыямі ў сьнежні-лістападзе 2022 году ў Варшаве і Празе, падрыхтаваных абгрунтаваньняў, аналітычных матэрыялаў і справаздачаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG