Расейскія войскі абстралялі Херсон, параненыя 23 чалавекі, у тым ліку трое дзяцей

Наступствы абстрэлу Херсону 16 чэрвеня 2023 году.

Расейскія войскі нанесьлі чарговы масаваны ўдар па Херсоне, у выніку якога 23 чалавекі, сярод якіх трое дзяцей, атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Пра гэта паведамілі ў Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі (АВА).

«Усіх пацярпелых шпіталізавалі. Трое людзей знаходзяцца ў цяжкім стане, астатнія атрымалі сярэднія ці лёгкія траўмы. Сховішча выратавала жыцьці многім людзям», — адзначылі ў АВА.

Пад абстрэл, як удакладнілі ў абласной адміністрацыі, трапілі цэнтральныя раёны Херсону. Пашкоджаньні атрымалі мэдычная ўстанова, дзіцячы сад, супэрмаркет, жылыя дамы, аўтамабілі, лініі электраперадач.

У пятніцу, 16 чэрвеня, расейскія войскі таксама нанесьлі масаваны ракетны ўдар па Кіеўскай вобласьці. Па дадзеных камандаваньня Паветраных сіл УСУ, усяго па рэгіёне было выпушчана 12 ракет: шэсьць «Калібраў» і шэсьць «Кінжалаў». Усе ракеты ўдалося зьбіць сіламі СПА.

Паводле інфармацыі кіраўніка Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Руслана Краўчанкі, з прычыны падзеньня абломкаў зьбітых расейскіх ракет у адным з населеных пунктаў Кіеўскай вобласьці раненьні атрымалі шэсьць чалавек, у тым ліку адно дзіця. Таксама, паводле слоў чыноўніка, цалкам разбураныя тры прыватныя дамы, пашкоджаньні атрымалі 28 дамоў і два гаспадарчыя будынкі.

У Міністэрстве абароны Расеі ракетныя абстрэлы Херсону і Кіеўскай вобласьці пакуль не камэнтавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Столтэнбэрг: На саміце NATO ня будуць абмяркоўваць запрашэньне Ўкраіне