Расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па Кіеве адразу пасьля таго, як стала вядома аб прыбыцьці ва ўкраінскую сталіцу прэзыдэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сырыла Рамафосы. 16 чэрвеня ў Кіеве зьбяруцца і іншыя кіраўнікі дзяржаваў афрыканскага кантынэнту, каб абмеркаваць мірныя ініцыятывы.
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што першы выбух адбыўся ў Падольскім раёне. Вядома аб двух цывільных, якія атрымалі раненьні.
Пасьля скасаваньня паветранай трывогі ў камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі аб зьбіцьці ў Кіеўскай вобласьці шасьці аэрабалістычных ракет «Кінжал», шасьці крылатых ракет «Калібар» і двух іранскіх дронаў.
Пазьней мэр Кіева ўдакладніў, што гукі выбуху былі чутныя праз працу сродкаў супрацьпаветранай перамогі, якія зьбілі расейскую ракету.
«У Кіеве пашкоджаных аб’ектаў і будынкаў пасьля ракетнай атакі няма», — паведаміў Віталь Клічко ў сваім тэлеграм-канале.
Міністэрства ўнутраных спраў Украіны паведаміла, што ракеты пацэлілі ў адну зь вёсак у Кіеўскай вобласьці. Там пашкоджаныя прыватныя будынкі, а інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца.
Ва ўкраінскай сталіцы апроч прэзыдэнта ПАР зь візытам знаходзяцца прэзыдэнты Замбіі, Сэнэгалу, Каморскіх Астравоў, прэм’ер-міністар Эгіпту і міністар замежных спраў Уганды.«Пуцін „умацоўвае даверу“ найбольшым за некалькі тыдняў ракетным ударам па Кіеве, як раз на тле візыту афрыканскіх лідэраў у нашу сталіцу. Расейскія ракеты — гэта сыгналь Афрыцы: Расея хоча больш вайны, а ня міру», — пракамэнтаваў расейскі абстрэл міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне і Расеі падтрымалі візыт лідэраў афрыканскіх дзяржаў зь мірнай ініцыятывай. Яго заплянавалі на чэрвеньПра афрыканскую мірную місію ва Ўкраіне прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сырыл Рамафоса дамовіўся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у часе тэлефоннай размовы 13 траўня.
Папярэдне ішлося аб тым, што ў межах мірнай місіі краін Афрыкі паміж сталіцамі Расеі і Ўкраіны будуць езьдзіць кіраўнікі шасьці дзяржаваў. 16 чэрвеня мусіла адбыцца першая такая сустрэча.
Агенцтва Reuters паведаміла 16 чэрвеня, што лідэры краін Афрыкі плянуюць прапанаваць спыніць дзеяньне ордэру на арышт Уладзіміра Пуціна, выдадзенага Міжнародным крымінальным судом у Гаазе. У пераліку іншых ініцыятываў таксама ёсьць прапановы вываду тактычнай ядзернай зброяй Расеі зь беларускай тэрыторыі, адводу расейскіх войскаў, зьніжэньня санкцыйнага ціску на Расею. Апроч таго, прапануюць зацьвердзіць «безумоўныя» захады для гарантыі экспарту збожжа і ўгнаеньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інданэзія прапанавала «мірны плян» па Ўкраіне з разьмяшчэньнем войскаў ААН. Ва Ўкраіне пракамэнтаваліВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.