Канстытуцыйны суд Літвы палічыў незаконным пазбаўляць мігрантаў права на свабоднае перамяшчэньне, паведамляе AFP. Такія нормы дазвалялі прымусова перамяшчаць мігрантаў у ізалятары. Суд заявіў, што закон «не стварае ўмоў для індывідуальнай ацэнкі сытуацыі кожнага чалавека», а таму зьяўляецца неканстытуцыйным.
Пастанова суду стала адказам на скаргу грамадзяніна Іраку. Яго паўгода трымалі ў 2021 годзе ў ліку каля 4200 мігрантаў з Блізкага Ўсходу і Афрыкі, якія ў тым годзе нелегальна перасеклі мяжу зь Беларусі.
Пасьля вынясеньня рашэньня міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце выступіла ў абарону закону, заявіўшы, што такія нормы былі неабходнымі для гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі.
«У нас не было іншых сродкаў абароны, — сказала яна журналістам, — Калі б мне давялося прымаць гэтыя рашэньні зноў, я б іх прыняла».
Юраце Юскайце, кіраўніца Літоўскага цэнтру правоў чалавека, сказала агенцтву AFP, што гэта «выразны напамін літоўскім палітыкам, што Літва — прававая дзяржава». Таксама яна дадала, што «такія законы, дзе людзей затрымліваюць без рашэньня суду, прымальныя для рэжыму Лукашэнкі, але не для дэмакратычнай дзяржавы ЭЗ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежнікі Літвы заявілі, што з пачатку году ў краіну спрабавалі нелегальна прарвацца зь Беларусі 1175 мігрантаўЛітва, якая зьяўляецца сябрам Эўразьвязу і NATO, у 2021 годзе ўвяла захады для стрымліваньня нелегальнай міграцыі з тэрыторыі суседняй Беларусі. Закон, які выклікаў спрэчкі і дыскусіі, дазваляў зьмяшчаць мігрантаў у адмысловыя цэнтры бяз права свабоднага перамяшчэньня па тэрыторыі Літвы на тэрмін да шасьці месяцаў, калі дзейнічала надзвычайнае становішча.
Урад Літвы назваў наплыў мігрантаў у 2021 годзе «гібрыднай атакай», арганізаванай уладамі Беларусі ў адказ на міжнародныя санкцыі супраць Менску. Лукашэнка і яго падначаленыя абвінавачвалі ўлады суседніх Літвы, Польшчы і Латвіі ў «бесчалавечным стаўленьні» да мігрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве назвалі ўмовы аднаўленьня дачыненьняў зь Беларусьсю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 этапаў мігранцкага крызісу, які пачаўся пагрозай Лукашэнкі, а скончыўся сьмерцю польскага дэзэртыра і закрыцьцём лягеру мігрантаў