Беларускіх весьляроў дапусьцілі да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусе
Веславаньне, ілюстрацыйнае фота
Яшчэ адна міжнародная фэдэрацыя дазволіла беларускім спартоўцам выходзіць на старт. Але безь дзяржаўнага сьцяга.
Міжнародная фэдэрацыя вясьлярнага спорту дапусьціла спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусе. Гэтае рашэньне прыняў выканаўчы камітэт фэдэрацыі. Расейцы і беларусы змогуць выступіць на будучым ЧС-2023 у абмежаванай колькасьці відаў.
«Міжнародная фэдэрацыя стварыла рабочую групу, якой даручана пракансультаваць Выканаўчы камітэт аб умовах, якія павінны быць выкананы для спартоўцаў і афіцыйных асоб з расейскімі і беларускімі пашпартамі для паўторнага ўдзелу ў спаборніцтвах пад эгідай арганізацыі, калі будзе прынята рашэньне аб дазволе ўдзелу. Гэтая рабочая група распрацавала нарматыўную і апэратыўную базу, якая дазволіла б адпаведным спартоўцам спаборнічаць, адначасова забясьпечваючы бясьпечнае і мірнае спаборніцкае асяродзьдзе для ўсіх спартоўцаў».
Таксама міжнародная фэдэрацыя адзначыла, што «верыць у важнасьць спорту як унікальнага мэханізму навядзеньня мастоў паміж людзьмі нават там, дзе канфліктуюць урады».
Выканаўчы камітэт паабяцаў рашучую падтрымку народу і вясьлярнай супольнасьці Ўкраіны. Арганізацыя асуджае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну пры падтрымцы Беларусі.
Для допуску правядуць праверку дадзеных, каб пераканацца, што спартоўцы не падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне публічна ў якой-небудзь форме. Таксама яны пройдуць узмоцнены антыдопінгавы кантроль.