Дзьве атакі дронамі на сталіцы Ўкраіны і Расеі: у Кіеве ёсьць ахвяры, у Маскве нязначныя пашкоджаньні

Зьбіты над Масквой бесьпілётнік. 20 траўня 2023

Сабралі інфармацыю па стане на раніцу 30 траўня.

Расея за 24 гадзіны тры разы атакавала Кіеў і Кіеўскую вобласьць. У ноч на 30 траўня расейскія войскі выпусьцілі больш як 30 баявых бесьпілётнікаў.

Ад гукаў выбуху прачнуліся і масквічы. Ці была гэта атака ўкраінцаў, цяпер высьвятляюць расейскія спэцслужбы.

Свабода сабрала інфармацыю, вядомую на раніцу 30 траўня.

Ва Ўкраіне загінула адна цывільная, больш за 10 чалавек атрымалі раненьні і траўмы

Ня першы раз пасьля чацьвёртай раніцы расейскія войскі пачынаюць свае атакі ўкраінскіх гарадоў. Кіеў за апошнія 24 гадзіны стаў аб’ектам трох атак.

Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў аб наступствах для чатырох раёнаў сталіцы, якія Расея стала атакуе — Дарніцкі, Пячэрскі, Галасееўскі і Сьвятошынскі.

У выніку падзеньня зьбітых дронаў пашкоджаны прыватныя і шматпавярховыя будынкі, аўтамабілі. Загінула 27-гадовая жанчына, яе мужа шпіталізавалі. Раненьні і траўмы ў сталіцы атрымалі мінімум 7 чалавек. Яшчэ чацьвёра — у Кіеўскай вобласьці.

Паветраныя сілы Ўкраіны паведамілі, што сродкамі супрацьпаветранай абароны ўдалося зьбіць 29 з 31 бесьпілётнікаў. Амаль усе яны зьнішчаныя на подступах да ўкраінскай сталіцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ноч на 29 траўня Расея накіравала на Ўкраіну да 40 крылатых ракет і дроны

У Маскве высьвятляюць, хто стаіць за ранішняй атакай дронамі

Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў аб атацы бесьпілётнікамі некалькіх раёнаў расейскай сталіцы. Паводле яго, у некалькіх жылых шматпавярховых дамах «адбыліся нязначныя пашкоджаньні», але «ніхто сур’ёзна не пацярпеў».

Разам з тым ён паведаміў, што экстраныя службы вымушаныя былі эвакуаваць жыхароў некалькіх пад’ездаў у двух дамах.

Міністэрства абароны Расеі заявіла аб «тэрарыстычнай атацы кіеўскага рэжыму на Маскву». Расейскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што ў паветры над Масквой зафіксавалі восем бесьпілётнікаў — тры зь іх былі «прыдушаныя» сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, а пяць зьбілі з комплексу «Панцыр-С» у Падмаскоўі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Легіён Свабоды Расеі» заявіў пра двух загінулых падчас рэйду ў Белгарадзкую вобласьць. Міністар абароны РФ казаў пра 70

Афіцыйныя асобы Ўкраіны не камэнтуюць гэтай сытуацыі. Напярэдадні, 29 траўня, пасьля некалькіх расейскіх атак Кіева балістычнымі ракетамі і баявымі дронамі кіраўнік украінскай вайсковай выведкі Кірыла Буданаў заявіў, што расейцы «вельмі хутка атрымаюць адказ».

«Усе, хто спрабаваў нас запалохаць і марыў, што атрымае нейкі эфэкт, — вы вельмі хутка аб гэтым пашкадуеце. З адказам ня будзем марудзіць. Хутка ўсе пабачаць», — заявіў Кірыла Буданаў.

Пазьней Міністэрства замежных спраў Расеі выступіла з заявай, у якой абвінаваціла ўлады Ўкраіны «у спробе ўчыніць тэрарыстычны акт».«Расейскі бок пакідае за сабой права прыняць самыя жорсткія меры ў адказ на тэрарыстычныя атакі кіеўскага рэжыму», – адзначаецца ў заяве.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.