Віцэ-прэм’ер Снапкоў: санкцыі ў 2022 годзе непасрэдна ўплывалі на чвэрць эканомікі Беларусі

Намесьнік прэмʼер-міністра Мікалай Снапкоў. Архіўнае фота

Урад прызнаў, што ВУП Беларусі ад санкцый скараціўся ў 2022 годзе на 4,7 працэнта.

Санкцыі ў 2022 годзе непасрэдна уплывалі на чвэрць эканомікі, заявіў першы намесьнік прэмʼер-міністра Мікалай Снапкоў на сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, паведаміла БелТА.

«Мінулы год стаў выпрабаваньнем на трываласьць. Санкцыі непасрэдна аказвалі ўплыў на чвэрць эканомікі, ускосна праціналі ўсе астатнія галіны. Сытуацыя патрабавала неадкладных, неардынарных, а недзе і рызыкоўных рашэньняў», — сказаў Мікалай Снапкоў.

Урад працаваў над выкананьнем дзьвюх базавых задач: забясьпечыць устойлівую работу прадпрыемстваў і каб просты чалавек не адчуў на сабе нэгатыўных наступстваў санкцый, сказаў Снапкоў.

«У выніку, нягледзячы на першапачатковыя ацэнкі эфэкту санкцыйнага ўдару для эканомікі на ўзроўні мінус 20 працэнтаў, фактычна ВУП скараціўся ў 2022 годзе на 4,7 працэнта. А ў бягучым годзе тэмпы росту ВУП аднаўляюцца. За чатыры месяцы — 99,4 працэнта да ўзроўню мінулага году. У сакавіку ўжо выйшлі на прырост у 0,8 працэнта, у красавіку — 3,8 працэнта», — рэзюмаваў Снапкоў.

Краіны Захаду ўвялі санкцыі супраць беларускіх уладаў за масавыя рэпрэсіі пасьля фальшывых выбараў прэзыдэнта 2020 году, гвалтоўную пасадку самалёта з Раманам Пратасевічам на борце і дапамогу Расеі ў яе вайне з Украінай, у тым ліку зь беларускай тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На падставе санкцый супраць Беларусі і Расеі ў Літве замарозілі маёмасьць на 80 мільёнаў эўра

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BEROC: Беларуская эканоміка адаптуецца да санкцый