Расея працягвае маштабныя начныя ўдары па Ўкраіне. У Днепрапятроўскай вобласьці ёсьць ахвяры

Вынікі расейскага абстрэлу ў Днепрапятроўскай вобласьці. 22 траўня 2023

У ноч на 22 траўня Расея зноў атакавала тылавыя вобласьці Ўкраіны адначасова дронамі і крылатымі ракетамі.

Паветраная трывога працягвалася па ўсёй Украіне амаль тры гадзіны. Найбольш дронаў і ракет расейцы выпусьцілі па Днепрапятроўскай вобласьці. Тут ёсьць параненыя.

Як паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак, Паветраныя сілы зьбілі над рэгіёнам 15 дронаў і чатыры крылатыя ракеты.

У горадзе Дніпро пашкоджана некалькі будынкаў выратавальнага падразьдзелу, зьнішчана некалькі дзясяткаў грузавых і легкавых аўтамабіляў, рэшткамі ракет зачапіла 3 прыватныя дамы і 9 шматкватэрных, пацярпелі дзіцячы садок, крамы і адміністрацыйныя будынкі.

Паводле ўладаў, 8 цывільных атрымалі раненьні, адзін зь іх у цяжкім стане.

Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат паведаміў, што Расея атакавала Дніпро і з поўдня, і з усходу.

«Вораг сёньня ўначы цэліў менавіта ў цывільныя і вайсковыя аб’екты», — удакладніў Юры Ігнат у этэры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Паводле яго, над тэрыторыяй Украіны паветраныя сілы зьнішчылі чатыры з 16 запушчаных Расеяй крылатых ракет і 20 баявых дронаў.

Разам з гэтымі атакамі расейскія войскі працягваюць стала абстрэльваць прыфрантавыя вобласьці — Херсонскую, Мікалаеўскую, Данецкую і Луганскую.

За ноч ад абстрэлаў Расеі пацярпелі дзевяць абласьцей Украіны

Як паведаміў Сытуацыйны цэнтар Міністэрства абароны Ўкраіны, за мінулыя содні расейскія войскі абстралялі тэрыторыю дзевяці абласьцей.

«З розных відаў узбраеньня (мінамёты, танкі, артылерыя, ракетныя комплексы, дроны, тактычная і стратэгічная авіяцыя) абстралялі 138 населеных пунктаў і 161 аб’ект інфраструктуры. Ёсьць загінулыя і параненыя сярод цывільных, колькасьць ахвяр удакладняецца», — адзначаецца ў паведамленьні цэнтра.

Расея сьцьвярджае, што ў Дніпры нібыта атакавала вайсковыя аб’екты

Міністэрства абароны Расеі прызнала маштабную начную атаку на горад Дніпро і Днепрапятроўскую вобласьць.

«Сёньня ўначы Ўзброеныя сілы Расеі нанесьлі групавы ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасьці паветранага базаваньня па аб’ектах на аэрадроме «Дніпро». Мэта ўдару дасягнутая. Усе прызначаныя аб’екты зьнішчаныя. У выніку ўдару ўражаны ангары з узбраеньнем і боепрыпасамі, авіяцыйная тэхніка, а таксама тэхнічная пазыцыя падрыхтоўкі ракет», — паведамляе Мінабароны Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея ў чаканьні ўкраінскага контранаступу павялічыла інтэнсіўнасьць абстрэлаў Украіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.