На Віцебшчыне памёр актывіст руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў

Хрыстафор Жаляпаў. Архіўнае фота

Хрыстафор Жаляпаў быў генэратарам ідэяў, стваральнікам і рухавіком шматлікіх грамадзкіх ініцыятыў Віцебшчыны, кажуць ягоныя паплечнікі.

Старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч паведаміў пра сьмерць віцебскага актывіста арганізацыі Хрыстафора Жаляпава, які памёр на 74-м годзе жыцьця.

«Гэта цяжкая страта для руху „За свабоду“ і ўсёй дэмакратычнай супольнасьці Беларусі. Хрыстафор Жаляпаў быў генэратарам ідэй, стваральнікам і рухавіком шматлікіх грамадзкіх ініцыятыў Віцебшчыны. Сапраўдным грамадзянінам, які да апошніх дзён думаў не пра сябе, а пра іншых, глыбока перажываў і прапускаў празь сябе ўсе нягоды, якія абрынуліся на Беларусь. Нам будзе яго вельмі не хапаць, але спадчына, пакінутая Хрыстафорам, яшчэ праявіць свае парасткі», — гаворыцца ў паведамленьні.

У 2022 годзе з ініцыятывы Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту ліквідавалі грамадзкае аб’яднаньне «Самакіраваньне і грамадзтва». Арганізацыя, якая дапамагала разьвіваць мясцовае самакіраваньне, праіснавала больш за 11 гадоў. Нязьменным яе кіраўніком быў палітык і грамадзкі дзеяч Хрыстафор Жаляпаў.

19 лістапада 2021 году Вярхоўны суд Беларусі на прапанову Міністэрства юстыцыі прыняў рашэньне аб пазбаўленьні рэгістрацыі руху «За свабоду», у якім Жаляпаў быў адным зь лідэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд ліквідаваў рух «За свабоду». Чым ён вядомы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд адхіліў скаргу актывіста: Жаляпаў па-ранейшаму «на сутках»