Ва Ўкраіне не выключаюць, што Іран можа перанесьці вытворчасьць вайсковых дронаў у Беларусь

Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат. Архіўнае фота

Кіеў і Захад абвінавачваюць Маскву ў выкарыстаньні іранскіх дронаў-камікадзэ Shahed для ўдараў па цывільных аб’ектах.

Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат заявіў аб імавернасьці пераносу Іранам вытворчасьці сваіх бесьпілётнікаў у Беларусь, каб пазьбегнуць новых санкцый.

Як паведаміў Юры Ігнат у эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода, апроч уласна вытворчасьці, гэта можа быць толькі зборка ўжо гатовай прадукцыі.

«Зрабіць планэр, рухавік, прапэлер, баявую частку не праблема, іншае пытаньне — гэта тэхналягічнае абсталяваньне, якое закладзена ў Shahed, але там ёсьць блёк gps-навігацыі, блёк кіраваньня, і гэта Расея зрабіць сама ня можа. Уласна, за гэтымі таварамі двайнога прызначэньня і высокатэхналягічнай прадукцыяй не перашкодзіў бы кантроль санкцый, каб перашкодзіць ім атрымліваць такую прадукцыю», — сказаў сьпікер Паветраных сіл Украіны.

Кіеў і Захад абвінавачваюць Маскву ў выкарыстаньні іранскіх дронаў-камікадзэ Shahed для ўдараў па цывільных аб’ектах. Паводле зьвестак амэрыканскага боку, Тэгеран ужо перадаў сотні бесьпілётнікаў, якія Расея выкарыстала для ўдараў па цывільных аб’ектах, у тым ліку па энэргетычных. Расея гэтыя абвінавачаньні адхіляе.

Летась у лістападзе Іран упершыню прызнаў, што прадае бесьпілётнікі Расеі, але іранскія ўлады сьцьвярджалі, што яны адправілі абмежаваную партыю яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.