«Расея працавала, каб яе людзі былі ў фэдэрацыях». Міністар спорту Ўкраіны расказаў пра цяжкасьці дыскваліфікацыі расейцаў і беларусаў
Вадзім Гутцайт. Архіўнае фота
Зборная Ўкраіны адмовілася ад удзелу ў чэмпіянаце сьвету ў дзюдо ў Катары, бо туды дапусьцілі атлетаў з Расеі і Беларусі. У іншых відах спорту такія дэмаршы таксама могуць адбыцца, бо ня ўсе міжнародныя фэдэрацыі праводзяць работу для праверкі спартоўцаў.
Міністар моладзі і спорту Ўкраіны Вадзім Гутцайт у інтэрвію праекту ўкраінскай службы Радыё Свабода «Свобода.Ранок» расказаў, што робіць украінскі бок, каб паўплываць на міжнародныя спартовыя арганізацыі ў пытаньні нядопуску расейскіх спартоўцаў і ў якіх фэдэрацыях уплыў Расеі найбольш адчуваецца.
Гутцайт адзначыў, што ўкраінцы і раней папярэджвалі пра магчымы байкот турніраў са свайго боку, як адбылося ў дзюдо, і Ўкраіна адмовілася ад выступленьня на чэмпіянаце сьвету ў Досе.
«На жаль, пасьля зьмены рэкамэндацый Міжнароднага алімпійскага камітэту мы бачым, што да гэтых спаборніцтваў цяпер дапускаюць расейцаў і беларусаў. Працуем, працуем і будзем працаваць, каб, пакуль ідзе вайна, расейцам і беларусам не было месца на міжнародных спаборніцтвах».
Гутцайт склаў сьпіс расейскіх спартоўцаў, якія зьяўляюцца вайскоўцамі, але іх дапускаюць да спаборніцтваў. Украінскі міністар чакае адказу ад Міжнароднага алімпійскага камітэту. Ён лічыць, што міжнародная фэдэрацыя дзюдо стварыла камісію для праверкі спартоўцаў выключна на паперы, а рэальна праверкай не займалася.
Гутцайт адзначае, што з Украінай праяўляюць салідарнасьць многія краіны, аднак шэраг Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў краін Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амэрыкі лічаць, што «спорт па-за палітыкай», і не далучаюцца да ўкраінскіх ініцыятыў.
Акрамя таго, у Расеі захоўваецца вялікі ўплыў у шэрагу міжнародных спартовых арганізацый.
«Расейская Фэдэрацыя шмат гадоў працавала над тым, каб яе члены ўваходзілі ў выканкамы міжнародных фэдэрацый або ўваходзілі ў кіроўныя або судзьдзёўскія камісіі. Таму, на жаль, у некаторых відах спорту яны ўплывовыя. І мы бачым, што яны... і ў дзюдо, і ў дужаньні, і ў фэхтаваньні, і ў боксе».
Вадзім Гутцайт лічыць, што Расея тройчы парушыла Алімпійскую хартыю: падчас Алімпійскіх гульняў у 2008 годзе напала на Грузію, у 2014 годзе — на Ўкраіну, акупавала Крым, Луганскую і Данецкую вобласьці, а падчас старту Паралімпійскіх гульняў у 2021-2022 гадах пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, апаганіўшы статут Міжнароднага алімпійскага камітэту.