У Мікалаеве абстралялі жылы дом, у Херсоне — журналістаў. Ёсьць загінулыя

Мікалаеў, архіўнае фота

Працягваецца ўзброеная агрэсія Расеі супраць Украіны. На поўдні адбыліся новыя абстрэлы.

У ноч на 27 красавіка Расея з акваторыі Чорнага мора атакавала горад Мікалаеў. Пасьля абстрэлу «Калібрамі» ў горадзе загінуў мінімум 1 чалавек, а 23 атрымалі раненьні, у тым ліку дзіця.

Зруйнаваны прыватны жылы дом, яшчэ адзін пашкоджаны, таксама пры абстрэле расейцаў пацярпелі шматпавярховік і гістарычны будынак.

Пад Херсонам расейскія снайпэры адкрылі агонь па журналістах. Загінуў украінскі журналіст Багдан Біцік, які дапамагаў калегу з італьянскай газэты La Repubblica Карада Дзуніна, якога паранілі ў плячо. Абстрэл пацьверділа рэдакцыя італьянскай газэты, адзначыўшы, што абодва насілі камізэлькі з надпісам «Прэса».

Абстрэл пракамэнтаваў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.

«Расейцам усё роўна, расеец ты, італьянец ці ўкраінец, яны проста страляюць», — адзначыў ён.

Па дадзеных Камітэту абароны журналістаў (CPJ), на працягу 2022 году ў розных месцах сьвету забілі ня менш за 67 журналістаў і работнікаў СМІ — гэта самы высокі паказчык з 2018 году і амаль на 50% больш у параўнаньні з 2021 годам. Пры асьвятленьні падзей ва Ўкраіне загінулі 15 чалавек, гэта самы высокі паказчык, які фіксаваўся ў гэтай краіне. У дакладзе зазначана, што 13 зь іх загінулі, калі зьбіралі інфармацыю для падрыхтоўкі навін або вялі рэпартажы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне абстрэл Чаркаскай вобласьці зь Беларусі ракетай «Кінжал» стаў прадметам крымінальнага расьсьледаваньня