Расьсьледаваньне: Пуцін прыняў рашэньне аб вайне з Украінай яшчэ ў 2021 годзе праз «асабістую крыўду і жаданьне помсты»

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыняў рашэньне аб поўнамаштабнай вайне з Украінай у канцы лютага — пачатку сакавіка 2021 году, гаворыцца ў расьсьледаваньні расейскага незалежнага выданьня «Вёрстка».

Журналісты выданьня паразмаўлялі з крыніцамі, блізкімі да расейскага кіраўніцтва. Паводле інфармацыі, якую выданьне атрымала ад крыніцаў, рашэньне аб падрыхтоўцы да апэрацыі было прынята ў канцы лютага — пачатку сакавіка 2021 году, за год да вайны.

Па словах суразмоўцаў, нэгатыўнае стаўленьне да Ўкраіны ў Пуціна фармавалася шмат гадоў, але апошняй кропляй нібыта стала закрыцьцё мэдыяактываў дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны, кума Пуціна Віктара Медзьведчука, піша «Вёрстка». Прычынай уварваньня ва Ўкраіну, паводле суразмоўцаў, для Пуціна ў значнай ступені сталі нейкая «асабістая крыўда і жаданьне помсты».

Вырашальную ролю ў тым, што Пуцін прыняў рашэньне пачаць уварваньне, адыграў ягоны сябар, бізнэсовец Юры Кавальчук, паведамілі крыніцы выданьня. Ён, па словах блізкага да Крамля суразмоўцы выданьня, пераканаў Пуціна, што Эўропа падзелена супярэчнасьцямі і зараз найлепшы час для хуткай апэрацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Financial Times расказала, як расейская эліта пратэставала супраць вайны ва Украіне і з кім раіўся Пуцін

Сама падрыхтоўка да вайны праходзіла ў строгай сакрэтнасьці, але ўжо зь лета 2021 году размовы аб магчымай вайне сталі агульнымі сярод людзей, блізкіх да Крамля, піша выданьне. У ліпені 2021 году сайт Крамля апублікаваў артыкул Пуціна «Аб гістарычным адзінстве расейцаў і ўкраінцаў». Паводле дадзеных «Вёрсткі», артыкул мяняўся шмат разоў, і ў адным з варыянтаў была наўпроставая пагроза пачаць ваенную апэрацыю, але ў канчатковы варыянт пагроза ня трапіла.

Яшчэ адна крыніца распавяла журналістам, што на дыскусійным клюбе «Валдай» у кастрычніку 2021 году адзін з прысутных там прадстаўнікоў сілавых ведамстваў у прыватных размовах сьцьвярджаў, што Расея хоча зьмяніць рэжым у Кіеве. Пры гэтым гаворка ішла пра гатоўнасьць дасягнуць гэтай палітычнай мэты менавіта сілавым спосабам, гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Паводле яшчэ аднаго суразмоўцы, у сьнежні 2021 году, за тры месяцы да поўнамаштабнага ўварваньня, у Расеі абмяркоўвалі, як будуць дзяліць Украіну паміж буйнымі карпарацыямі.

Паводле дадзеных расьсьледвальнікаў, міністар абароны РФ Сяргей Шойгу не спрачаўся, а нават узрадаваўся рашэньню Пуціна ўварвацца на тэрыторыю Ўкраіны. Адзін з суразмоўцаў, якога журналісты называюць «старым прыяцелем Пуціна», паведаміў, што Шойгу не разумеў, у якім стане знаходзіцца расейскае войска. Кіраўнік Мінабароны нібыта думаў, што ваенная апэрацыя будзе ня больш сур’ёзная за анэксію Крыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці можа ўкраінскі контранаступ пераламіць хаду вайны? Што пра гэта кажуць былы камандуючы NATO ды іншыя экспэрты

Крыніца ў адміністрацыі расейскага прэзыдэнта сьцьвярджае, што да працяглай вайны расейскія ўлады не рыхтаваліся. На вайну з Украінай кінулі групоўку колькасьцю 160 тысяч вайскоўцаў, а гэтага мала для захопу краіны, у якой жыве 44 мільёны грамадзян.

Былы чыноўнік Крамля ў размове зь «Вёрсткай» зазначыў, што практычна ўся палітычная і вайсковая эліта Расеі выступае супраць вайны. Пры гэтым прадстаўнікі найвышэйшых эшалёнаў улады ў прыватных гутарках гавораць, што павінны працаваць у камандзе. Адзін і суразмоўцаў выданьня распавёў, што буйны чыноўнік Дзярждумы ня змог сысьці ў адстаўку: пасьля таго, як ён паведаміў аб намеры звольніцца, да ягонай жонкі і сына прыйшлі прадстаўнікі ФСБ.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.