ЗША, Японія і краіны ЭЗ заклікалі да рэформы Рады Бясьпекі ААН

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, Нью-Ёрк, 24 красавіка 2023 году.

Прадстаўнікі ЗША, Вялікай Брытаніі, Японіі і некалькіх краін Эўразьвязу заклікалі да рэформы Рады Бясьпекі ААН. Гэта адбылося ў панядзелак на пасяджэньні Рады Бясьпекі ў Нью-Ёрку. У якасьці старшыні выступаў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

Адкрываючы пасяджэньне, Лаўроў заявіў, што сьвет, як і ў гады халоднай вайны, падыходзіць да небясьпечнай рысы. Міністар у сваёй прамове адзначыў, што ў ААН занадта шмат прадстаўнікоў краін Захаду і занадта мала прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў. Гэта, на думку Лаўрова, падрывае прынцып шматбаковасьці міжнародных адносін.

Лаўроў усклаў адказнасьць за расейскі напад на Ўкраіну на ЗША і іх саюзьнікаў. Кіраўнік МЗС Расеі чарговы раз заявіў, што мэта расейскіх войскаў — «абараніць людзей ад зьнішчэньня кіеўскім рэжымам, ліквідаваць пагрозы бясьпецы з боку NATO».

Лаўроў нагадаў, што расейскія журналісты, якія павінны былі ляцець на пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН, так і не змаглі гэтага зрабіць. Па словах міністра, пасольства ЗША паведаміла пра гатоўнасьць выдаць візы прадстаўнікам СМІ ўжо пасьля таго, як самалёт з дэлегацыяй падняўся ў паветра.

Прадстаўнік ЗША ў Радзе Бясьпекі Лінда Томас-Грынфілд заявіла, што Расея, якая ў гэтым месяцы старшынюе ў ААН, груба парушае прынцыпы статуту арганізацыі, пачаўшы захопніцкую вайну, тармозячы збожжавую ўгоду і выйшаўшы з дамовы аб СНУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Радзе бясьпекі ААН прадстаўнікі Расеі і Беларусі заявілі, што кантроль над ядзернай зброяй будзе ў Масквы

Томас-Грынфілд згадала пра арыштаваных у Расеі амэрыканскіх грамадзян — асуджанага па справе аб шпіянажы Пола Ўілана і журналіста Эвана Гершковіча. Дыплямат заклікала да іх неадкладнага вызваленьня.

Прадстаўнік ЗША лічыць, што ААН аказалася ва ўмовах крызісу даверу. «Агрэсія і захоп тэрыторый недапушчальныя з пункту гледжаньня міжнароднага права», — сказала яна.

Томас-Грынфілд заклікала да рэформаў ААН. Зь ёю пагадзіліся прадстаўнікі Вялікай Брытаніі і Францыі.

«Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну прынесла вялізныя пакуты ўкраінцам і стала катастрофай для самой Расеі. Расейскае пакаленьне страціла будучыню, а ўрад нават не тлумачыць навошта», — сказала прадстаўніца Вялікай Брытаніі Барбара Вудворд.

Прадстаўнік Францыі Нікаля дэ Рыўер нагадаў, што Расея і раней парушала вяршэнства міжнароднага права. Ён прывёў у прыклад уварваньне расейскіх войскаў у Грузію ў 2008 годзе, падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе пачынаючы з 2014 году і парушэньне збройнага эмбарга з Іранам.

Рыўер згадаў, што Францыя і Мэксыка выступілі з ініцыятывай, якая рэкамэндуе пастаянным членам Рады Бясьпекі ўстрымлівацца ад прымяненьня права вэта ў выпадках, калі гаворка ідзе аб масавых зьверствах, і заклікаў іншыя краіны далучацца да яе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рада БНР заклікала падняць тэму «расейскай ваеннай акупацыі» Беларусі на сэсіі Генасамблеі ААН

Прадстаўнік Японіі Ісікане Кіміхіра таксама абвінаваціў Расею ў тым, што прымяненьнем права вэта яна паралізуе рашэньні Рады Бясьпекі, і выступіў за рэформу.

Кіраўнік дэлегацыі ЭЗ пры ААН Олаф Скуг заявіў: «Расея спрабуе прадставіць сябе абаронцам Статуту ААН і мультылатэралізму. Нішто ня можа быць далей ад ісьціны. Гэта цынічна».

Прадстаўнік Кітаю Чжан Цзюнь не ўхваліў курс на рэформу Рады Бясьпекі. На яго думку, неабходна не рэфармаваць статут, а «пачаць зь сябе». «Мы супраць таго, каб некаторыя краіны навязвалі сваю волю міжнароднай супольнасьці», — сказаў ён, не ўдакладніўшы, якія краіны мае на ўвазе. Ён таксама заклікаў ЗША і іншыя краіны адмовіцца ад аднабаковых санкцыяў, назваўшы іх незаконнымі.

Расея выконвае фармальную ролю краіны-старшыні Рады Бясьпекі ААН у красавіку. 15 краін — членаў Рады Бясьпекі — старшынююць у ёй па чарзе, кожная адзін месяц. Іх ратацыя ажыцьцяўляецца ў алфавітным парадку. Апошні раз Расея была ў ролі старшыні Рады Бясьпекі ў лютым 2022 году, калі адбыўся яе напад на Ўкраіну.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.