Ціханоўская падзякавала літоўскаму Сейму за прынцыповасьць і падтрымку беларусаў

Акцыя пратэсту беларусаў у Літве каля Сейму, 20 красавіка 2023 году

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала літоўскаму Сейму за пераадоленьне прэзыдэнцкага вэта на закон аб новых абмежаваньнях адносна грамадзян Беларусі і Расеі.

«Толькі што сейм Літвы прагаласаваў за законапраект з больш мяккімі ўмовамі для беларусаў. Цяпер закон будзе прыняты, і прэзыдэнт Літвы абавязаны яго падпісаць. Я дзякую ўсім дэпутатам, якія нас падтрымалі! Мы вельмі шануем усю падтрымку, якую Літва надае ў нашай барацьбе за эўрапейскую будучыню свабоднай Беларусі, і ніколі гэтага не забудзем», — напісала беларуская дэмакратычная лідэрка ў сваім тэлеграм-канале.

20 красавіка дэпутаты правялі паўторнае галасаваньне па законе аб абмежавальных мерах адносна грамадзян Беларусі і Расеі за ваенную агрэсію гэтых краін супраць Украіны. За прыняцьце закону без прапанаваных прэзыдэнтам Гітанасам Наўседам паправак, якія ўраўноўваюць перад санкцыямі беларусаў і расейцаў, прагаласавала 99 дэпутатаў са 108 прысутных. Супраць выступілі сем дэпутатаў, два ўстрымаліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не адаптацыя ў Літве, а зьмены ў Беларусі». Віціс Юрконіс тлумачыць пазыцыю Вільні па беларусах

За некалькі гадзін да галасаваньня прадстаўнікі беларускай дыяспары правялі каля будынку Сейма мітынг супраць вэта Наўседы пад лёзунгам «Беларусь — не Расея». Паводле агенцтва BPN, да ўдзельнікаў акцыі, якіх было каля 50, выйшлі некалькі парлямэнтароў.

Дэпутат ад кансэрватараў, былы намесьнік міністра абароны Вілюс Сямешка запэўніў прысутных, што ў Сейме бачаць розьніцу паміж краінай-акупантам Расеяй і грамадзянамі Беларусі, якія знайшлі прытулак у Літве. «Я таксама нарадзіўся ў канцлягеры пад назвай СССР і разумею вашыя аргумэнты... Я буду галасаваць супраць вэта прэзыдэнта», — сказаў Сямешка.

«Беларусь не Расея». Як беларусы пратэставалі калі літоўскага Сейму. Фотарэпартаж