Саэйма Латвіі забараніла сьвяткаваць у краіне 9 траўня

Шыльда на будынку парлямэнту Латвіі.

Саэйма Латвіі ў чацьвер прыняла ў двух чытаньнях у тэрміновым парадку закон аб забароне публічных захадаў 9 траўня — акрамя зьвязаных з Днём Эўропы.

Раней меркавалася, што латвійскі парлямэнт ухваліць рашэньне, паводле якога 9 траўня сёлета будзе абвешчана днём памяці загінулых і пацярпелых у вайне ва Ўкраіне. Аднак Камісія правоў чалавека і грамадзкіх справаў падрыхтавала альтэрнатыўны праект. Ён і быў прыняты ў тэрміновым парадку, паведамляе Delfi.

Сярод мэтаў новага закону — абарона інтарэсаў дзяржавы, маральнасьці грамадзтва і недапушчэньне беспарадкаў. Адзначаецца, што закон мае на мэце не дапусьціць пагрозы і прыніжэньня каштоўнасьцяў Латвіі як дэмакратычнай і нацыянальнай дзяржавы. Таксама гаворыцца, што рашэньне прынятае на знак салідарнасьці з народам Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Financial Times: Беларусь перадавала зброю «вагнэраўцам»

Закон вызначае, што на ўсёй тэрыторыі Латвіі 9 траўня, калі ў Расеі адзначаецца Дзень Перамогі, і да 7 гадзіны раніцы наступнага дня забараняецца выкарыстоўваць піратэхніку, праводзіць на адкрытым паветры публічныя сьвяточныя і забаўляльныя захады, шэсьці, сходы і пікеты.

Летась 9 траўня ўлады дазволілі прыносіць кветкі да помніка Вызвольнікам Рыгі, хаця і падкрэсьлівалася, што гэта непажадана. Раніцай 10 траўня ўсе прынесеныя кветкі прыбралі бульдозэрам, што выклікала абурэньне часткі жыхароў. У канцы жніўня 2022 году помнік Вызвольнікам Рыгі дэмантавалі, піша «Медуза».

  • З пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Латвія актыўна падтрымлівае Кіеў у гуманітарнай і вайсковай сфэрах, а таксама заклікае да гэтага іншыя краіны Эўропы.
  • У верасьні летась у сувязі з вайной ва Ўкраіне краіны ЭЗ прынялі рашэньне адмовіцца ад спрошчанага парадку выдачы расейцам шэнгенскіх візаў. Некаторыя краіны, у тым ліку краіны Балтыі і Фінляндыя, амаль цалкам перасталі выдаваць такія візы.