Пра гэта піша выданьне Financial Times.
У публікацыі FT са спасылкай на дакумэнты Пэнтагону, якія выцеклі ў інтэрнэт у сакавіку, гаворыцца, што ПВК «Вагнэр» зьвярнулася да Кітаю з просьбай паставіць боепрыпасы, аднак на пачатак студзеня інфармацыі, што Пэкін гэта зрабіў, не было. Сам зварот «вагнэраўцаў» наўпрост да Кітаю сьведчыць пра крытычнае становішча з забесьпячэньнем «вагнэраўцаў» боепрыпасамі.
Некалькі тыдняў таму байцы ПВК «Вагнэр» праз адзін з тэлеграм-каналаў наўпрост зьвярталіся да кіраўніцтва Міністэрства абароны РФ з просьбай забясьпечыць іх боепрыпасамі. Адсутнасьць снарадаў была адной з прычынаў публічнага канфлікту ўладальніка ПВК Яўгена Прыгожына зь міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу і начальнікам Генштабу Валерам Герасімавым.
Тым часам, як вынікае з дакумэнтаў, да пачатку 2023 году Беларусь паставіла «вагнэраўцам» палову ад абяцанага аб’ёму зброі (яе мадыфікацыя не пазначаецца) і выказала прапанову паставіць яшчэ 300 тысячаў асколкавых стрэлаў ВОГ-17 для гранатамётаў.
Пэўную колькасьць боепрыпасаў, але значна меншую, чым зь Беларусі, «вагнэраўцы» атрымалі і ад Сырыі, піша FT.
Рэакцыя афіцыйнага Менску на публікацыю Financial Times на момант выхаду гэтага матэрыялу адсутнічала.
- Крыніцай найбуйнейшага за шмат гадоў выцеку дакумэнтаў Пэнтагону стаў супрацоўнік амэрыканскай вайсковай базы, які публікаваў іх у закрытым чаце для геймэраў. Ён публікаваў паперы, каб «трымаць знаёмых у курсе падзей». Пра гэта пісала газэта The Washington Post.
- Выданьню ўдалося зьвязацца з удзельнікамі закрытага чату ў мэсэнджары Discord, дзе публікаваліся сакрэтныя паперы. Чат аб’ядноўваў геймэраў, захопленых зброяй, вайсковым рыштункам і хрысьціянствам, вынікае з матэрыялу WP. Доступ туды быў толькі па запрашэньні.
- Журналістам удалося азнаёміцца прыблізна з трыма сотнямі сакрэтных дакумэнтаў, апублікаваных у чаце.
- 13 красавіка ФБР арыштавала падазраванага ў выцеку дакумэнтаў з Пэнтагону. Гэта 21-гадовы вайсковец Нацыянальнай гвардыі (падразьдзяленьня ВПС) штату Масачусэтс Джэк Тэйшэйра.
- Тэйшэйра паўстане перад фэдэральным судом у Бостане. Міністэрства юстыцыі ЗША завяло крымінальную справу аб выцеку дакумэнтаў Пэнтагону.
- Вайсковае ведамства ЗША праводзіць унутранае расьсьледаваньне і ацэньвае шкоду, нанесеную абнародаваньнем сотняў канфідэнцыйных дакумэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прыгожын заявіў, што Расеі трэба заканчваць вайну супраць Украіны. Крэмль не камэнтуеГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Колішні баец ПВК «Вагнэр» пазнаў сваіх таварышаў на відэа жорсткага забойства ўкраінскага палоннагаГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ФБР арыштавала падазраванага ў выцеку дакумэнтаў з ПэнтагонуВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.