Цэнтар стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў: Расея губляе тэхніку, але здольная весьці працяглую вайну

Падбіты расейскі танк, 23 лютага 2023

Расея нясе значныя страты ў баявой тэхніцы на полі бою ва Ўкраіне, яе магчымасьці вытворчасьці ўзбраеньняў вельмі абмежаваныя ў выніку санкцый, але ў яе дастаткова рэзэрваў, каб працягваць вайну.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы вашынгтонскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў.

У той час як агульныя страты танкаў, артылерыйскіх гармат, грузавікоў, бесьпілётнікаў набліжаюцца да 10 тысячаў, асабліва значныя страты расейскае войска панесла ў танках, гаворыцца ў справаздачы. «Па розных ацэнках, Масква страціла ад 1845 да 3511 танкаў на працягу першага году вайны», — адзначаюць аўтары справаздачы, прычым значную долю тых танкаў складаюць мадэрнізаваныя Т-72Б3, якія паступілі на ўзбраеньне ў 2013 годзе. Расейская прамысловасьць ня здольная папоўніць страты пастаўкамі новых танкаў.

Вядучы вытворца танкаў у Расеі, Уралвагонзавод, выпускае 20 танкаў у месяц, у той час як Расея губляе на полі бою ў сярэднім 150 танкаў у месяц. У выніку яна вымушана вяртаць у строй танкі, якія знаходзіліся ў сховішчах дзесяцігодзьдзямі, у тым ліку Т-55, якія паступілі на ўзбраеньне адразу пасьля Другой сусьветнай вайны, — сьцьвярджаецца ў дакладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка Вялікай Брытаніі: у расейскіх войсках, якія навучаліся ў Беларусі, кепская дысцыпліна і нізкі маральны дух

Расея таксама страціла доступ да важных камплектуючых — сучасных прыцэлаў, якія імпартаваліся з Францыі. Больш за палову шарыкападшыпнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў танках, імпартаваліся з Эўропы і ЗША. Кітайскія і інданэзійскія аналягі, якія застаюцца даступнымі, — ніжэйшай якасьці. Расея мае вялікія цяжкасьці з вытворчасьцю самалётаў, ракет і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы з прычыны дэфіцыту паўправаднікоў, экспарт якіх быў забаронены заходнімі краінамі.

Разам з тым Расея дзякуючы запасам усё яшчэ захоўвае значную перавагу над Украінай у баявой тэхніцы. У справаздачы гаворыцца пра перавагу Расеі ў самалётах — у 15 разоў, у танках — у 7–8 разоў, а ў БМП — у 4 разы.

«Санкцыі і экспартны кантроль не зьяўляюцца ідэальным сродкам, які прымусіць Расею завяршыць вайну», — прыходзяць да высновы аўтары справаздачы. Колькасная перавага ў тэхніцы, хутчэй за ўсё, дазволіць Маскве працягваць вайну, разьлічваючы на тое, што Ўкраіна, нягледзячы на значна меншыя страты, у нейкі момант пачне адчуваць сур’ёзны дэфіцыт баявой тэхнікі. Нэўтралізаваць гэтую колькасную перавагу ў тэхніцы можна толькі працягваючы пастаўкі Ўкраіне сучасных заходніх узбраеньняў, гаворыцца ў дакладзе.

  • У сераду Белы дом абвясьціў пра выдзяленьне чарговага пакету дапамогі Ўкраіне ў памеры 325 мільёнаў даляраў. У асноўным гэта боепрыпасы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША абвясьцілі пра новы пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне на $325 мільёнаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Столтэнбэрг у Кіеве заявіў, што паўнапраўнае месца Ўкраіны — у NATO, і запрасіў Зяленскага на саміт у Вільню