Літве «вельмі важна не пасылаць зьмяшаныя сыгналы беларускай апазыцыі», лічыць сьпікер Сейму
Вікторыя Чміліце-Нільсэн
Пазыцыя Літвы адносна беларускай апазыцыі і «пасьлядоўная палітыка» кіраўніцтва краіны «нязьменныя ўжо шмат гадоў», таму «было б вельмі важна не пасылаць ёй зьмяшаныя сыгналы», заявіла сьпікер літоўскага Сейму Вікторыя Чміліце-Нільсэн 19 красавіка ў эфіры радыёстанцыі Žinių Radijas.
Паводле слоў палітыка, закон аб абмежавальных мерах у адносінах да грамадзян Беларусі і РФ за ваенную агрэсію супраць Украіны выклікаў «шмат дыскусій» у Сейме, а прынятая ім выніковая рэдакцыя дакумэнта са зьмякчэньнямі для беларусаў стала «вынікам кампрамісаў».
Чміліце-Нільсэн адзначыла, што ў парлямэнце робяць адрозьненьне паміж Расеяй, якая актыўна вядзе вайну, і рэжымам у Менску, які «не прымушае беларускі народ да актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяньнях».
«Таму гаварыць пра нейкае парушэньне раўнапраўя ня вельмі карэктна», — цытуе сьпікера Сейму LRT. Яна дадала, што падтрымка вайны сярод насельніцтва РФ высокая, а ў Беларусі «зусім іншая сытуацыя».
Паводле яе слоў, улады Літвы мусяць зрабіць «усё, што ў нашых сілах, патрабуючы санкцый супраць [Аляксандра] Лукашэнкі і яго рэжыму», але ў той жа час «максымальна падтрымаць» беларускі народ у «складанай сытуацыі».
Сейм Літвы прыняў згаданы закон 4 красавіка. Ён прадугледжвае абмежавальныя меры для грамадзян Беларусі і РФ, зьвязаныя з парадкам уезду і легалізацыі ў гэтай балтыйскай дзяржаве, набыцьця нерухомасьці ды інш. На этапе разгляду дакумэнт быў значна зьмякчаны ў дачыненьні да беларусаў, большасьць санкцый закранула расейцаў.
14 красавіка прэзыдэнт Гітанас Наўседа наклаў на закон вэта. Ён прапанаваў парлямэнту «цалкам прымяніць усе сем абмежавальных мер да грамадзян Беларусі і Расеі».
Сярод іншага літоўскі прэзыдэнт прапанаваў прапісаць у законе прававы мэханізм, які б спрасьціў працэдуру ануляваньня ўжо выдадзеных нацыянальных візаў і дазволаў на часовае або пастаяннае пражываньне, а таксама аблягчыў дэпартацыю зь Літвы асоб, якія парушылі заканадаўства аб міжнародных санкцыях або абмежавальных мерах.
Беларускі дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы вэта Наўседы, заявіла, што «нельга ставіць у адзін шэраг беларусаў і саўдзельнікаў рэжыму» і «нельга караць беларусаў за дзеяньні рэжыму».
18 красавіка міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што закліча парлямэнтарыяў прагаласаваць супраць прэзыдэнцкага вэта на закон аб нацыянальных санкцыях супраць грамадзян Расеі і Беларусі.
Каб пераадолець вэта, за ўжо прыняты Сеймам закон павінны яшчэ раз прагаласаваць ня менш як 71 дэпутат са 141. Адпаведнае пасяджэньне пройдзе 20 красавіка.