Кітай заявіў, што ня будзе прадаваць зброю ніводнаму боку ў расейска-ўкраінскай вайне

Міністар замежных спраў Кітая Цінь Ган

Пэкін сьцьвярджае, што будзе прытрымлівацца «асьцярожнага і адказнага падыходу».

Міністар замежных спраў Кітая Цінь Ган заявіў 14 красавіка, што Пэкін ня будзе прадаваць зброю бакам канфлікту ва Ўкраіне і будзе рэгуляваць экспарт тавараў двайнога прызначэньня, паведамляе TIME

Ган адрэагаваў на занепакоенасьць ЗША і іншых краін наконт таго, што Кітай, магчыма, разглядае магчымасьць аказаньня вайсковай дапамогі Расеі, якую Пэкін падтрымлівае ў палітычным і рытарычным пляне, афіцыйна заяўляючы аб сваім нэўтралітэце:

«Што да экспарту вайсковай прадукцыі, Кітай прытрымліваецца асьцярожнага і адказнага падыходу», — заявіў Цінь Ган на сумеснай прэс-канфэрэнцыі зь міністрам замежных спраў Нямеччыны Анналенай Бэрбак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасол Кітаю ў Эўразьвязе заявіў, што заявы аб «бязьмежным сяброўстве» КНР з Расеяй — толькі рыторыка

«Кітай ня будзе пастаўляць зброю бакам канфлікту і таксама будзе кіраваць і кантраляваць экспарт тавараў двайнога прызначэньня ў адпаведнасьці з законамі і правіламі», — дадаў ён.

Цінь Ган таксама пацьвердзіў гатоўнасьць Кітая садзейнічаць перамовам па мірным урэгуляваньні канфлікту і заявіў, што ўсе бакі павінны заставацца «аб’ектыўнымі і спакойнымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар ЦРУ: «Расея рызыкуе стаць эканамічнай калёніяй Кітаю»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўсьлед за Францыяй заклікалі Кітай паўплываць на Расею, каб тая спыніла вайну супраць Украіны