Кіраўнік амэрыканскай выведкі лічыць, што Пуцін больш чым за год поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне дапусьціў шэраг памылак і пралікаў, якія вядуць Маскву да вялікай залежнасьці ад Пэкіна.
Дырэктар ЦРУ Уільям Бэрнз заявіў, што ваенная кампанія Расеі ва Ўкраіне стала для прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна «велізарным стратэгічным правалам» і што Масква можа неўзабаве стаць «эканамічнай калёніяй Кітаю», піша «Голас Амэрыкі».
«Толькі падумайце, які ўплыў на эканамічныя далягляды Расеі акажуць ня толькі страты ў жывой сіле і тэхніцы, але і прыніжэньне, якое адчула расейскае войска, выяўленьне яе слабасьцяў, доўгатэрміновая шкода ад санкцый і мер экспартнага кантролю, а таксама сыход больш як тысячы заходніх фірмаў», — заявіў Бэрнз, выступаючы ва Ўнівэрсытэце Райса ў Х’юстане.
«Падумайце, што ў пачатку вайны Пуцін меў намер раскалоць і аслабіць NATO, а на самой справе NATO зараз згуртаванае, як ніколі. Блёк толькі што прыняў у свае шэрагі новага сябра, Фінляндыю, і, хутчэй за ўсё, прыме яшчэ аднаго, Швэцыю», — сказаў ён.
На думку кіраўніка ЦРУ, Расея становіцца ўсё больш залежнай ад Кітаю, а ў некаторых адносінах «рызыкуе з часам стаць эканамічнай калёніяй Кітаю, залежнай ад экспарту энэргетычных рэсурсаў і сыравіны ў гэту краіну».
У канцы 2021 году прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн адпраўляў Бэрнза ў Маскву, каб угаварыць Пуціна не пачынаць вайну, але кіраўнік ЦРУ вярнуўся зь перакананьнем, што прэзыдэнт Расеі ўжо прыняў рашэньне. На думку Бэрнса, Пуцін наўрад ці зробіць высновы са сваіх памылак, дапушчаных за апошнія 14 месяцаў.
«Ён ставіць на тое, што яму ўдасца перамалоць украінцаў і выматаць Захад. Ён думае і хоча, каб мы думалі, што ён можа прымусіць час працаваць на яго. Ён па-ранейшаму перакананы, што Ўкраіна важней для яго, чым для нас. Думаю, Пуцін таксама памыліўся ў гэтай стаўцы, як і ў сваіх здагадках перад уварваньнем».
У сакавіку старшыня КНР Сі Цзіньпін наведаў Маскву і падпісаў доўгатэрміновыя пагадненьні з Пуціным, якія даюць кітайскім фірмам непрапарцыйна вялікі доступ на рынак у такіх сэктарах, як фінансы, тэхналёгіі, сельская гаспадарка і космас, піша «Голас Амэрыкі».
Чакаецца, што гэтыя пагадненьні пашыраць выкарыстаньне Расеяй кітайскага юаню. Узамен, на думку назіральнікаў, Пуцін атрымаў патрэбную яму зараз выгаду, якая ўключае ў сябе ўплывовае палітычнае прыкрыцьцё з боку кітайскага калегі, які пазьбягае прамога асуджэньня расейскага ўварваньня.
«Думаю, партнэрства паміж Кітаем Сі Цзіньпіна і Расеяй Уладзіміра Пуціна сёньня вельмі моцнае», — сказаў Бэрнс.
Тым ня менш Пэкін пакуль устрымліваецца ад адпраўкі зброі Маскве для выкарыстаньня на полі бою.
«Гэта важнае партнэрства, якому, я думаю, адданыя абодва лідэры. Але ва ўсякім разе пакуль гэта не „бязьмежная“ дружба», — рэзюмаваў Бэрнз.