Беларускія памежнікі паблізу мяжы з Польшчай 10 красавіка выявілі «цела іншаземца афрыканскай зьнешнасьці», паведаміў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі:
«Труп мужчыны знаходзіўся каля загароды, усталяванай на польскай тэрыторыі. Побач зь целам знойдзены асабістыя рэчы — заплечнік і мабільны тэлефон».
Сьледчы камітэт, у сваю чаргу, паведамляе аб тым, што цела знайшлі ў Бераставіцкім раёне, загінулы — 32-гадовы грамадзянін Гвінэі. Ведамства праводзіць праверку.
Раней Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведамляў, што ў 2022 годзе на беларуска-польскай мяжы зафіксавалі восем такіх выпадкаў. Целы мігрантаў знаходзілі ў красавіку, кастрычніку, лістападзе і сьнежні.
Сёлета такія выпадкі былі зафіксаваныя на межах з краінамі Эўразьвязу 9, 10, 31 студзеня, 4, 10, 18 і 24 лютага, 10 і 13 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На Вялікдзень мігранты з боку Беларусі кідалі камяні ў польскіх памежнікаў- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць іншаземцаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
- Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
- Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.
- Днямі Літва вырашыла падаць пазоў супраць Беларусі за правакаваньне мігранцкага крызісу ў міжнародны суд. Мэта пазову — кампэнсацыя шкоды літоўскаму боку, якую краіна зазнала ад міграцыйнага крызісу, справакаванага менскім рэжымам.