На Вялікдзень мігранты з боку Беларусі кідалі камяні ў польскіх памежнікаў

Агароджа на літоўска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота
Агароджа на літоўска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Краіны Эўразьвязу за Вялікдзень разьвярнулі больш за 60 мігрантаў зь Беларусі, якія зьбіраліся нелегальна перасекчы мяжу. Паводле Польскай памежнай службы, некаторыя мігранты пасьля таго, як ім перашкодзілі прайсьці на тэрыторыю Польшчы, кідалі ў памежнікаў галінкі і камяні.

Літоўская тэлевізія LRT з спасылкай на памежную службу Літвы паведаміла 10 красавіка, што за папярэднія суткі на беларускай мяжы разьвярнулі двух чалавек. Латвійскія памежнікі паведамляюць пра 36 такіх спробаў.

У Польшчы памежнікі інфармуюць аб 28 спробах перасячэньня мяжы. У ведамстве адзначылі, што частка мігрантаў пасьля таго, як ім перашкодзілі прайсьці на тэрыторыю Польшчы, кідала ў памежнікаў галіны і камяні.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць іншаземцаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
  • Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
  • Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.
  • Днямі Літва вырашыла падаць пазоў супраць Беларусі за правакаваньне мігранцкага крызісу ў міжнародны суд. Мэта пазову — кампэнсацыя шкоды літоўскаму боку, якую краіна зазнала ад міграцыйнага крызісу, справакаванага менскім рэжымам.

​
XS
SM
MD
LG