«У мяне ўжо была алергія на слова „духоўнасьць“». Вялікая гутарка са сьвятаром Георгіем Роем

Георгі Рой, красавік 2023

Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату 10 красавіка 2023 году забараніла айцу Георгію Рою адпраўляць набажэнствы. У размове са Свабодай ён расказаў пра рэпрэсіі супраць сьвятароў, пра мітрапалітаў Філарэта і Веньяміна, а таксама пра веру ў Бога падчас вайны.

Беларускія праваслаўныя сьвятары Аляксандар Кухта і Георгі Рой перайшлі ў юрысдыкцыю Канстантынопальскага патрыярхату. У размове са Свабодай Рой расказаў, чаму наагул прыйшоў у Праваслаўную царкву, што цяжэй — маўчаць ці гаварыць, а таксама пра ўрокі ўладыкі Філарэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БПЦ забараніла ў служэньні сьвятароў Кухту і Роя, якія перайшлі ў юрысдыкцыю Канстантынопалю. Што гэта значыць?

Георгі Рой

«Не падтрымліваю ні патрыярха, ні афіцыйную лінію РПЦ»

— Чаму вы выехалі зь Беларусі?

— Пытаньне вострае. Рашэньне было цяжкім і для мяне, і для маёй сям’і. Самае галоўнае — гэта адчуваньне несвабоды. Для мяне як чалавека і хрысьціяніна свабода — адзін з найвялікшых дароў Божых. Мне было складана жыць у атмасфэры, калі я не магу свабодна гаварыць, не магу рабіць тое, што павінен. Мне было вельмі балюча бачыць, што мае дзеці з малых гадоў убіраюць у сябе гэтую атмасфэру несвабоды. Ёсьць яшчэ мноства іншых, драбнейшых прычын. Але галоўнае — гэта несвабода ў грамадзкім жыцьці і царкоўным. Як сьвятар паводле сэнсу эвангельскага вучэньня, я ня мог згаджацца з вайной. Але табе затыкаюць рот — як у царкве, так і з боку чынавенства.

— Як гэта адбывалася?

— Гэта былі прыватныя размовы, калі цябе запрашаюць і тлумачаць, што ты выступіў супраць вайны ці супраць гвалту: «Ня трэба нічога рабіць, нічога пісаць». Ідуць намёкі, што ўсё кепска скончыцца, могуць быць праблемы. Такая сытуацыя непрымальная для сумленьня.

— Не раскажаце, хто запрашаў?

— І мой япіскап Антоні запрашаў. І чыноўнікі горадзенскія ад рэлігіі. Прыемнага ў гэтым мала.

— Вы адчувалі для сябе небясьпеку ў Беларусі апошнім часам?

— Мне здаецца, мала хто, жывучы цяпер у Беларусі, адчувае сябе ў бясьпецы. Натуральна, калі ў 2020 годзе я адкрыта выступаў супраць гвалту, а потым бачыў, што аднаго арыштавалі, другі выехаў, то жыў з пастаянным адчуваньнем пагрозы. Калі пачалася вайна, то я павінен быў сказаць, што з гэтым нязгодны, што я асуджаю і не падтрымліваю ні патрыярха, ні афіцыйную лінію РПЦ. Падкрэсьлю, афіцыйную лінію, бо неафіцыйна ўсё ж мноства простых вернікаў і сьвятароў не падтрымліваюць вайну. Калі я падпісаў адкрыты ліст сьвятароў супраць вайны, то была размова з чыноўнікамі ад рэлігіі. Цяжкая, непрыемная размова. Мне далі зразумець: калі буду так працягваць, то нічога добрага мяне чакаць ня будзе. Рэпрэсіўнаму апарату трэба апраўдваць сваё існаваньне, ім трэба шукаць нейкую крамолу, трымаць градус страху ў грамадзтве. Пад махавік трапляюць ужо ня толькі тыя, хто нешта рабіў ці казаў, але і выпадковыя людзі. Канечне, ты думаеш пра бясьпеку сваёй сям’і. Я не скажу, што былі прамыя пагрозы, але верагоднасьць таго, што я таксама стану ахвярай гэтага махавіка, досыць вялікая.

Георгі Рой

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два беларускія сьвятары, якія выехалі з краіны празь перасьлед, перайшлі пад юрысдыкцыю Канстантынопалю

«І гаварыць складана, і маўчаць складана»

— Не чакалі ранкамі стуку ў дзьверы?

— У нас дома ёсьць сабака, ён наш «званочак». Калі ён пачынае брахаць, то разумееш, што нехта пад’ехаў ці падышоў. Магчыма, гэта хваравітыя праявы гэтага страху, але калі ранкам прачынаўся ад зацятага брэху сабакі, то заўсёды такая думка ўсплывала: «Можа, пад’ехалі ўжо». Цяжка сказаць, ці перабольшваеш ты гэты страх, але ён жыве, і бывае сапраўды страшна. Асабліва калі прыходзіць чарговая порцыя навін, што ўзялі кагосьці.

— Па сьвятароў жа таксама прыходзілі.

— Так, затрымлівалі айца Дыянісія, айца Ўладзіслава, іншых сьвятароў выклікалі на размовы. У нашым асяродзьдзі ўсё гэта хутка распаўсюджваецца. Але мне было важна сказаць, што я супраць вайны, бо гэта заспакаеньне сумленьня. Было страшна, я ня буду рабіць зь сябе выгляд бясстрашнага героя. Калі пачалася вайна, то па фэйсбуку пайшоў такі заклік: «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, супраць...». Я быў тады пад моцным уражаньнем украінскага народу. Яны не баяліся расейскіх танкаў, то і я ня буду баяцца. Потым быў адкрыты ліст сьвятароў супраць вайны, я падпісаў і яго. Мабыць, быў нейкі загад з Масквы ці Менску, каб з усімі правялі прафіляктычныя гутаркі. У Расеі сьвятароў нават пазбаўлялі магчымасьці служыць. Умовай таго, што ў мяне ня будзе ніякіх наступстваў у жыцьці ці служэньні, было тое, што я перастану гаварыць і пісаць. Я мусіў пагадзіцца, бо разумеў, што за мной сям’я. Існуе страх, што ты жывеш, але заўтра, празь месяц, праз год здарыцца яшчэ адна сытуацыя, на якую ты павінен будзеш адрэагаваць або заткнуцца і змаўчаць. Страх маральнага выбару: як ты сябе павядзеш, ці хопіць у цябе сілаў? Гэта страх, ад якога шмат што залежыць.

Георгі Рой

— У сёньняшняй Беларусі больш складана гаварыць ці маўчаць?

— І тое, і тое складана. Я, дзякуй Богу, тое, што трэба, сказаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы молімся і за Пуціна, і за Шайгу, і за Лаўрова». Што беларускія праваслаўныя герархі думаюць пра вайну ва Ўкраіне

«Філарэт даваў свабоду думкі»

— Чаму вы прынялі рашэньне перайсьці ў Канстантынопальскі патрыярхат?

— Атмасфэра несвабоды ў цяперашняй РПЦ. Тая царква, куды прыходзіў я, пасьляперабудовачная, гэта было вялікае натхненьне і вера, што Царква будзе несьці і сьвятло, і надзею, і ўнутраную свабоду. Маё сьвятарскае служэньне ішло ў атмасфэры свабоды. Мне гэта было вельмі важна, і цяпер я гэта разумею, як ніколі. У сэмінарыі была дысцыпліна, але часы былі вольнымі, выхаваньне было ў атмасфэры свабоды і адказнасьці. Такая пазыцыя была ў мітрапаліта Філарэта. Цяпер гэта гучыць неверагодным, але ў сэмінарыі дзякуючы мітрапаліту Філарэту мы ўсе вучылі на памяць і сьпявалі верш Натальлі Арсеньневай «Магутны Божа». Пасьля сэмінарыі ўладыка Філарэт накіраваў мяне ў Нямеччыну вывучаць каталіцкае багаслоўе. Я не скажу, што гэта знаёмства з каталіцкай традыцыяй, бо ў мяне бабуля каталічка, але гэта быў цудоўны досьвед знаёмства з дэмакратычным грамадзтвам. Потым я вярнуўся ў Жыровічы, у духоўную акадэмію як выкладчык. Намі апекаваўся зноў-такі Філарэт, ён даваў нам свабоду думкі і выказваньняў. Гэта быў цудоўны час. Потым мітрапаліт Філарэт захварэў і рэктарам Акадэміі стаў архіяпіскап Наваградзкі Гурый, я добра яго ведаў са студэнцкіх часоў. Было адразу відавочна, што ён першым чынам стаў абмяжоўваць свабоду.

— Ён такі рэакцыянэр, як пра яго пішуць?

— Абсалютна. Чалавек крайніх кансэрватыўных погляд. Я прыняў рашэньне звольніцца з Акадэміі, і тады жыцьцёвы шлях прывёў мяне да ўладыкі Арцемія. Гэты чалавек больш, чым хто іншы, паўплываў на маю сьвядомасьць, хаця я быў тады ўжо ня самым маладым. Тое, чаму навучыў мяне ўладыка Арцемій, стала стрыжнем маёй сьвядомасьці. Ён чалавек вялікай свабоды. Мы разам служылі, ён мяне настаўляў, паказваў прыклад. Калі зьнялі ўладыку Арцемія, то я ня мог дыхаць, так мне было цяжка. Калі ішоў да вас на інтэрвію, то адчуваў, што за апошнія паўтара года праз моцны ціск развучыўся гаварыць свабодна. Я даваў сабе ўстаноўку гаварыць свабодна, вяртаць, што было. Магчыма, я мог бы сядзець ціха, мяне б не зачапіла, я быў бы ў зоне адноснага камфорту, а цяпер мы адкрытыя ўсім вятрам, страхам, як уладкуецца наша сям’я. Гэта стрэс для нас, але лепш так, але ў свабодзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня трэба думаць, што праваслаўныя ярархі сэрцам і душой за Лукашэнку». Чаму прапаганда цкуе сьвятароў

«Прыкрывацца царквой дзеля вайны — гэта справа Антыхрыста»

— Вы расчараваліся ў РПЦ?

— У афіцыйнай лініі патрыярха Кірыла, мітрапаліта Веньяміна, епіскапату — так. Моцна расчараваўся. Але я не магу сказаць, што Царква перастала быць Царквой, бо гэта ня толькі афіцыйная лінія, якая насаджваецца кіраўніцтвам. Царква — гэта найперш людзі, і я ведаю шмат шчырых хрысьціян, якія робяць сваю справу. Я ведаю, што Хрыстос зь імі. Тое, што агрэсіўная ідэалёгія «русского мира» прыкрываецца Царквой — гэта Антыхрыстава справа. Хрыстом прыкрываецца кровапраліцьце, гвалт, няпраўда. Гэта жудасна, з гэтым немагчыма зьмірыцца і прыняць. Вернікі гэтага таксама не прымаюць, але сытуацыя такая, што немагчыма пра гэта сказаць ці асудзіць. Але шмат каштуе нават тое, што многія і вернікі, і сьвятары не пераступаюць маральнай мяжы. І гэта моцная пазыцыя, калі людзям гэта каштуе кар’еры, працы.

Георгій Рой

— Як увогуле вас, чалавека прабеларускага, вельмі нацыянальна арыентаванага, занесла ў РПЦ?

— Я там апынуўся па факце свайго нараджэньня. Іншай праваслаўнай царквы ў нас не існавала. Я вырас у палескай вёсцы ў бацькоў маці. Гэта неймаверна прыгожая традыцыя царкоўная, якая спакон веку. Я ўсёй душой люблю гэтую традыцыю. Я ўжо казаў, што была ў нас свабода ў пачатку служэньня і вучобы. Мы і служылі па-беларуску, і рабілі справы для беларушчыны. Мы імкнуліся ўмацаваць пазыцыі беларускай культуры ў асяродзьдзі Праваслаўнай царквы. І гэта было магчыма да пэўнага часу. Цяпер жа беларушчына — гэта як невялікая шыльдачка. «Не падумайце, у нас ёсьць нейкія месцы, дзе мы служым па-беларуску». Але каб была сапраўдная зацікаўленасьць дапамагаць выжыць і ўмацавацца беларускай культуры, то няма. Я лічу, што царква, калі яна беларуская, павінна дапамагчы ўмацавацца нашай культуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дык, можа, вы, сьвяты айцец, партыйны?». Каму і чаму боязна крытыкаваць Беларускую праваслаўную царкву

Георгі Рой

«Бондарава — новы міністар культуры»

— Вы знаёмыя зь мітрапалітам Веньямінам?

— Вельмі добра. Ён быў маім курсавым настаўнікам у сэмінарыі. Гэта праўда, што ён шчыры манах, малітоўнік, чалавек аскетычнага складу. Я ставіўся да яго заўжды з павагай. І дагэтуль стаўлюся з павагай як да чалавека... Але ягоныя рашэньні як мітрапаліта, безумоўна, выклікаюць у мяне расчараваньне. Цяжка судзіць іншага, тым больш мітрапаліта. Я ня ведаю ягоных выклікаў і маральных дылемаў. Магчыма, гісторыя дасьць яму ацэнку.

— Як ён ставіўся да беларускасьці? Абыякава, прыхільна, нэгатыўна?

— Хутчэй прыхільна. Але ўсё адно ён чалавек фармацыі расейскага праваслаўя, з настроямі пра «загнілы Захад». Для яго Расея і расейская культура — гэта такі сьветач. Гэта было ў ім заўсёды. Роля беларускай культуры для яго — гэта куточак у вялікім і магутным «русском мире». Гэта чалавек, які хутчэй за ўсё, падзяляе заходнерусісцкія погляды.

— Здаецца, у адказ менавіта на выкананьне гімна «Магутны Божа» ў Горадні мітрапаліт Веньямін забараніў выконваць яго ў цэрквах.

— Так. Гэта была наша традыцыя, наш гімн. І ў цэрквах сьпявалі. Забараняць такі гімн... Гэта адно з рашэньняў мітрапаліта Веньяміна, якое выклікае ў мяне роспач. Гэта не выклікае ніякіх станоўчых эмоцый. У нас цяпер вядомая Вольга Бондарава — гэта міністар культуры. Яна ўсім паказвае, што павінна быць у Беларусі, яна кіруе чынавенствам. Вызначае, што павінна быць у школьнай праграме, якія помнікі могуць стаяць. У мяне ўражаньне, што ўсе яе баяцца і слухаюцца. У нас такое новае «міністэрства культуры».

— Да вас жа яна таксама чаплялася?

— Была справа, пасьля паніхіды па сьвятой памяці Раману Бандарэнку. Была сустрэча ў нас зь ёй, я прыходжу з сустрэчы — і колы прабітыя ў аўтамабілі. Ня ведаю, яна ці не яна, але неяк так супала (сьмяецца). Я тады ўвогуле ня ведаў, хто гэта такая, спрабавала справакаваць. Некалькі разоў яна прыходзіла на службы, уважліва слухала, што я гавару. Перад тым, як зьнялі ўладыку Арцемія, быў самы моцны ціск. Тады была яе фраза, што «гэтага Роя трэба пасадзіць у сутарэньні з пацукамі». Потым іншыя горадзенскія прапагандысты пісалі, што так нельга гаварыць, «бо мы не змагары». Але потым, дзякуй Богу, яна пра мяне забылася, выйшла на новы ўзровень, пераехала ў Менск і стала тэрарызаваць менчукоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хрысьціянская візія»: Мітрапаліт Веньямін датычны да крымінальнага перасьледу дзьвюх 15-гадовых мянчанак

«Арцемій — надзвычай свабодны, мужны»

— Правесьці паніхіду па Раману Бандарэнку, наколькі гэта было складанае рашэньне?

— Тады была хваля ўсебеларускага натхненьня. Так, было страшна, былі ж і Акрэсьціна, і зьдзекі. Немагчыма было не памаліцца, бо так не павінна быць, што ўзялі хлопца і забілі. Ні пры якіх абставінах так ня можа быць. І прамаўчаць таксама немагчыма.

— Шмат хто таксама памятае сьмелую казань уладыкі Арцемія адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году...

— Уладыка не плянаваў яе. Я быў сьведкам усяго. Уладыка такі чалавек, што можа раптам нешта вырашыць. Была звычайная служба, пад канец уладыка Арцемій заўжды казаў невялікае настаўленьне. І перад тым, як выйсьці, ён з кімсьці пагаварыў і даведаўся нешта такое, што яго ўзрушыла, зачапіла. Гэта быў абсалютна нечаканы выступ. Гэта сапраўдны ўладыка Арцемій, ён такі ёсьць.

— А які ён?

— Надзвычай свабодны. Мужны.

— Як у яго справы цяпер?

— Ён у такім затворы, дома моліцца. Яшчэ раней казаў, што ў епіскапа шмат справаў, на малітву часу не хапае. А цяпер ён цалкам аддаўся малітве і размовам з Богам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр архіяпіскап Пінскі Стэфан, адзіны, хто ўступіўся за архіяпіскапа Арцемія

«У Гаўрыілы „русский мир“ даведзены да крайнасьцяў»

— Новы горадзенскі ўладыка Антоній, што ён за чалавек?

— Я б не хацеў даваць характарыстык, гэта будзе, можа, ня вельмі добра выглядаць, як высьвятленьне адносін. З уладыкам Антоніем мы даўно знаёмыя, вучыліся ў адзін час. У нас атрымалася розная царкоўная фармацыя. Нашы погляды і ацэнкі шмат у чым не супадалі. Я не скажу, што ён быў занадта строгі да мяне. Усё ж мы ставіліся адзін да аднаго з пэўнай ступеньню павагі. Але наша бачаньне царкоўнага жыцьця вельмі рознае.

— У Горадні таксама вядомая асоба матушкі Гаўрыілы. Вы знаёмыя?

— Натуральна. Калі гаварыць пра ігуменьню Гаўрыілу, калі я бачу, што яна піша і гаворыць, то мне здаецца, што мы ня проста ў розных канфэсіях, але нават у абсалютна розных рэлігіях. Яе сьветапогляд — гэта загадка. Як чалавек, які нібыта чытае Эвангельле, так можа бачыць сьвет і людзей вакол сябе? Яна абсалютна прыняла ідэалягемы «русского мира». «Русский мир», даведзены да крайнасьцяў, — гэта якраз яна. Гэтая ідэалёгія замяніла ёй хрысьціянскае вучэньне. У яе такі мяшчанскі стыль, усё праваслаўненька, зь нейкімі рушачкамі.

Георгі Рой

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Натальля Васілевіч: «Беларусы навучыліся станавіцца лідэрамі»

«Калі ўспамінаю Квасоўку — камяк пад горла»

— З горадзенскага сабора вас паслалі служыць у малую вёсачку. Як вам гэта было?

— Я ніколі не баяўся вёскі. Я і да гэтага служыў у вёсцы, у Дзятлаўскім раёне. Я нават не расцэньваў як высылку. Сытуацыя ў саборы, калі здымалі ўладыку, калі прыйшоў новы, калі былі розныя правакацыі, была надзвычай цяжкай. Гэта самы цяжкі пэрыяд у маім жыцьці. Я паехаў туды нават з палёгкай. Натуральна, людзі ня ведалі мяне, я ня ведаў іх, але мы неяк вельмі хутка — я нават не скажу, што пасябравалі, — зрадніліся. І ніводзін прыход я не пакідаў так цяжка, як квасоўскі. Цяпер успамінаю людзей — і проста камяк да горла падкочвае. Гэта шчырыя людзі, зь якімі мы маліліся, служылі. Гэта быў незвычайны час жыцьця сапраўднай хрысьціянскай грамады. Пакінуць іх сапраўды было надзвычай цяжка. Гэта і ёсьць Квасоўка, простыя людзі, але вялікія хрысьціяне. Праўда.

— Вы верыце, што вернецеся ў Беларусь?

— Веру і спадзяюся. Ніхто ня знае свайго веку. Адзін з урокаў уладыкі Арцемія: «Не кажы, што зраблю тое і тое. Кажы, калі Бог дасьць, то буду там і там». Калі Госпад дабраславіць і паверне гісторыю, то, вядома, вярнуся. Калі б я хацеў, то даўно б жыў у Эўропе, нават яшчэ студэнтам, калі вучыўся ў Нямеччыне, у мяне былі ўсе магчымасьці для гэтага. Але я ўсім сэрцам люблю Беларусь. Усё можа быць. Вільня для мяне — гэта не чужы горад. У мяне быў пэрыяд, калі я «хварэў» на генэалёгію, і мае далёкія продкі па бабулі жылі ў Вільні. Яны былі ў складзе войска ВКЛ, потым ім далі зямлю ў Ашмянскім раёне. Калі я хаджу па вуліцай старой Вільні, то думаю, што тут хадзілі мае продкі.

— Дзе вас можна знайсьці ў Вільні, дзе будзеце служыць?

— На Вялікдзень будзе служба ў лютэранскай кірсе. Там будзе беларуская літургія. А потым мы будзем шукаць нейкую арэнду, маем адзін цікавы варыянт.

Георгі Рой у Вільні

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігуменьню, якая назвала апанэнтаў Лукашэнкі «дэманамі», узнагародзілі ордэнам Скарыны

«Рэлігійнасьць адарваная ад праблем рэальнага жыцьця»

— У сувязі з апошнімі падзеямі ці сталі вы прыхільнікам аўтакефаліі беларускай царквы?

— Ведаеце, немагчыма быць прыхільнікам таго, пра што пакуль немагчыма гаварыць. Ніхто ня ведае, як павернецца і што будзе. Я б не хацеў фантазаваць, зазіраць туды, куды мы зазірнуць ня можам. Будзем глядзець, куды будзе ісьці гісторыя. Калі мы прыйдзем да такога, то дзякуй Богу. Мабыць, гэта будзе заканамерны вынік разьвіцьця. Але пакуль гэта проста мроі. Вельмі важна, каб гэтае пытаньне не было фактарам падзелу, азлабленьня, варожасьці. Калі Бог дасьць і будуць спакойныя часы ў гісторыі нашага народу, тады можна будзе спакойна пра гэта гаварыць. Нават само слова цяпер — страшылка. Лепш не чапаць таго, што ня дасьць ніякага плёну і міру.

— Праз рэпрэсіі ў Беларусі, эміграцыю людзей, вайну ва Ўкраіне, верыць у Бога стала прасьцей ці цяжэй?

— Як сьвятар магу сказаць, што мы праходзім крызіс веры, але ён станоўчы. Бо рэлігія ў нас была з мноствам розных ілюзій. У нас быў ідэальны сусьвет з магчымасьцю сыходу ад рэальнасьці. А гэтыя падзеі ўдарылі не па веры, а па гэтых ілюзіях, ілюзорнасьці рэлігійнасьці, якая адарваная ад праблем і болю рэальнага жыцьця. Праз гэта дзейнічае Бог, ён ударыў па ілюзорнай духоўнасьці. Як зацягалі гэтае слова «духоўнасьць»! У мяне ўжо была нават алергія, калі людзі казалі «духоўнасьць». І цяпер паказная нашая «духоўнасьць», да чаго мы зь ёй прыйшлі? Як за ёй можа хавацца чалавеканенавісьніцтва? Вось вам і «духоўнасьць».

Бог паказаў, што мы час пасьля камунізму, некалькі дзесяцігодзьдзяў жыцьця царквы, калі можна было адбудоўваць веру, змарнавалі. Выявілася яна нейкая запоўненая мітамі і ідэалягемамі. Крызіс веры — гэта так, але ён станоўчы, ён павінен дапамагчы. Мы павінны перастаць біцца аб граблі, а раставаньне зь ілюзіямі — гэта балючы працэс. Магчымасьць уступіць у Канстантынопальскі патрыярхат для мяне — гэта магчымасьць духоўнай рэвізіі. Перагледзець, як я жыў, як я служыў, што я гаварыў і прапаведаваў, на чым грунтавалася мая вера. І ўсім давядзецца рабіць гэтую работу. Прасьцей за ўсё схавацца за нейкімі рэлігійнымі байкамі, сысьці ў ідэальны сьвет, гаварыць, што ўсе вы праклятыя і грэшнікі, але Госпад хоча ня гэтага ад сваёй Царквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Кіеве адправіў мітрапаліта УПЦ Паўла пад хатні арышт. Тлумачым, што адбылося

Пераход сьвятароў з РПЦ у Сусьветны Патрыярхат. Што гэта значыць

Два беларускія праваслаўныя сьвятары перайшлі зь Беларускай праваслаўнай царквы, якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату, у Канстантынопальскі (Усясьветны) патрыярхат. Гэта зрабілі Аляксандар Кухта і Георгі Рой.

Пераход з адной юрысдыкцыі ў іншую, напрыклад пры зьмене месца жыхарства, — звычайная практыка, і для яе распрацавана кананічная працэдура, якая дазваляе пазьбягаць злоўжываньняў: сьвятар просіць у свайго япіскапа дакумэнт, «адпускную грамату», якая пацьвярджае, што сьвятар не знаходзіцца пад кананічнымі пакараньнямі, да яго няма прэтэнзій з боку ранейшага кіраўніцтва.

На падставе гэтай адпускной граматы сьвятара прымае новы архірэй. У РПЦ пры пераходзе ў іншую памесную царкву патрабуецца рашэньне Сыноду, нават экзарх БПЦ МП такога рашэньня прыняць ня можа, пісала «Хрысьціянская візія».

Аднак беларускія сьвятары Кухта і Рой не маглі заставацца ў Беларусі, бо ім пагражала небясьпека з боку цывільных уладаў. Крок зьмены царкоўнай юрысдыкцыі ў іхным выпадку быў маральна вымушаны. Кіраўніцтва РПЦ падтрымала вайну, і для некаторых сьвятароў гэта з маральных прычын не дае магчымасьці заставацца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату і асацыяваць сябе зь ім.

Акрамя таго, Маскоўскі патрыярхат знаходзіцца ў зацяжным канфлікце з Усясьветным патрыярхатам. Раней Масква спыніла эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопалем, таму ў рамках звычайнай працэдуры перайсьці з адной юрысдыкцыі ў другую ў гэты момант немагчыма.

Усясьветны патрыярхат — першы сярод роўных у структуры памесных праваслаўных цэркваў, ён выступае як найвышэйшая апэляцыйная інстанцыя, таму ў выключных выпадках можа скарыстацца правам прымаць сьвятароў у сваю юрысдыкцыю без адпускной граматы. Гэтак адбылося з айцамі Кухтам і Роем.

РПЦ лічыць незаконнай любую зьмену юрысдыкцыі без захаваньня фармальнай працэдуры. Таму выдала ўказы аб забароне Рою і Кухту ў служэньні.

Але для Канстантынопаля і ўсіх памесных цэркваў, апрача РПЦ, яны дзейныя сьвятары. Усясьветны патрыярхат афіцыйна прыняў іх 6 красавіка 2023 году, і цяпер яны знаходзяцца ў прамым падпарадкаваньні патрыярха Канстантынопальскага Варфаламея.