Законныя ўлады ўкраінскага Марыюпалю заявілі аб намеры расейцаў прыцягнуць беларускіх зьняволеных для адбудовы горада

Паводле ААН, ад расейскіх абстрэлаў у Марыюпалі зьнішчана або пашкоджана амаль 90% шматпавярховікаў і каля 60% прыватных дамоў

Дарадца марыюпальскага мэра не ўдакладніў, на якіх умовах будуць працаваць беларускія вязьні, але расейскім будаўнікам абяцаюць, што яны застануцца жыць у Марыюпалі.

Пятро Андрушчанка, дарадца ўкраінскага мэра Марыюпалю, які працуе на падкантрольнай Украіне тэрыторыі, заявіў, што на будаўнічыя работы ў акупаваны горад плянуюць прывезьці зь Беларусі зьняволеных, асуджаных за няцяжкія злачынствы.

«Літаральна ўчора мы атрымалі дадатковую інфармацыю, што ўхвалілі рашэньне, што ня толькі расейцы будуць. Зьбіраюцца прывезьці неўзбавае ўжо зь Беларусі людзей, якія асуджаныя за няцяжкія злычынствы, каб яны таксама займаліся будаўнічымі работамі на тэрыторыі Марыюпалю», — сказаў у эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода Пятро Андрушчанка, які таксама знаходзіцца на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.

Дарадца марыюпальскага мэра не ўдакладніў, на якіх умовах будуць працаваць беларускія зьняволеныя, а вось расейскім будаўнікам абяцаюць, што яны застануцца жыць у Марыюпалі.

«Яны не плянуюць нікуды выяжджаць, яны плянуюць будаваць жылыя дамы, кварталы і не хаваюць, што яны будуюць гэта менавіта для сябе, пад тую іпатэчную праграму, якую запусьцілі ў Расеі сёлета зь лютага — пад два адсоткі. Ужо нават 40 тэндэраў у Маскве правялі. Іх атрымалі фірмы, якія належаць набліжаным да Крамля. І будуць будаваць за фэдэральны бюджэт усё гэта. Таму іхная колькасьць будзе павялічвацца», — паведаміў Пятро Андрушчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея год таму атакавала Драматычны тэатар у Марыюпалі. Колькасьць ахвяр дагэтуль невядомая

Расейскія войскі цалкам захапілі Марыюпаль у траўні 2022 году пасьля жорсткіх абстрэлаў і дамоўленасьці аб выхадзе ўкраінскіх абаронцаў гораду з апошніх абарончых пазыцый на прамысловай пляцоўцы заводу «Азоўсталь». Цяпер Марыюпаль пад кантролем акупацыйных расейскіх уладаў.

На пачатку сакавіка ў Расеі паведамілі, што ў захопленым Марыюпалі пабудавалі «шматфункцыянальны мэдычны цэнтар, ратавальны цэнтар і 12 пяціпавярховых жылых дамоў». Цяпер нібыта будуюць вялікі вадавод, які мае аб’яднаць Растоўскую і Данецкую вобласьці для забесьпячэньня гэтага рэгіёну вадой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як выглядае Марыюпаль праз год пасьля пачатку расейскай блякады. ФОТА

Паводле неафіцыйных зьвестак, у Марыюпалі за год вайны маглі загінуць да 100 тысяч жыхароў. У жніўні 2022 году ўкраінскія журналісты атрымалі інфармацыю, што ў адным з моргаў задакумэнтавалі 87 тысяч загінулых.

Праз ваенныя дзеяньні і абмежаваньні для працы прадстаўнікоў СМІ ў Марыюпалі праверыць гэтыя зьвесткі немагчыма.

Да вайны ў Марыюпалі пражывалі больш як 400 тысяч грамадзян. Большая частка змагла эвакуавацца ў Запарожжа і іншыя ўкраінскія гарады. Колькі жыхароў дагэтуль застаецца ў акупаваным Марыюпалі, невядома. Акупацыйныя ўлады не ўдакладняюць гэтай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Падаляк пра Пуціна ў Марыюпалі: «Злачынцу заўсёды цягне на месца злачынства»

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.