На адным з памежных пастоў у Жытомірскай вобласьці на мяжы зь Беларусі пачалі трансьляваць відэазапіс аб злачынствах расейскіх вайскоўцаў у Бучы.
Як паведамілі ў Бучанскай гарадзкой радзе, гэты праект ініцыявалі і рэалізуюць украінскія памежнікі, якія дэманструюць беларускім памежнікам фатаздымкі і відэасьведчаньні ваенных злачынстваў расейскай арміі ў Бучанскім раёне, а таксама аб наступствах авіяўдараў, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі.
З украінскай мяжы таксама трансьлююць і зварот прэыздэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, які заклікае беларусаў ня ўдзельнічаць у расейскай вайне на ўкраінскай тэрыторыі.
«Вайна білбордаў» на ўкраінска-беларускай мяжы ідзе ўжо некалькі месяцаў. Нашы памежнікі ўжо паставілі там пудзіла ў расейскай вайсковай форме, якога назвалі «Валерам», разьмясьцілі шчыт «Акупантам ня месца на ўкраінскай зямлі» і ўсталявалі бела-чырвона-белы сьцяг — гістарычны сьцяг Беларусі, які часта выкарыстоўвае апазыцыя», — паведамілі ў Бучанскай гарадзкой радзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларускія памежнікі паскардзіліся на пудзіла «Валеру» і іншыя «правакацыі» на ўкраінскай мяжы12 сакавіка беларускія памежнікі з заставы «Глушкавічы» у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці заявілі пра рост колькасьці «правакацый» з боку ўкраінскіх калег.
«Павялічылася колькасьць правакацый. Пачалі засьвечваць лазэрным промнем відэакамэры. Адпаведна, усталяваньне фотапастак з мэтай фіксацыі памежнікаў Рэспублікі Беларусь. Практычна штодня чуваць стрэлы розныя», — заявіў у сюжэце дзяржаўнага тэлеканала АНТ намесьнік начальніка памежнай заставы «Глушкавічы» Ўладзіслаў Зянковіч.
У сюжэце АНТ журналіст кажа, што ўкраінскія памежнікі «паводзяць сябе абуральна»:
«Псаваньне інфраструктуры, агрэсіўныя жэсты, у тым ліку са зброяй, абразьлівыя надпісы на дарожных знаках, улёткі з заклікамі і аўдыёзапісы палітычнага характару, званкі з пагрозамі апэратыўным дзяжурным», — так ён апісвае дзеяньні ўкраінскіх памежнікаў, не ўдакладняючы зьмест улётак, аўдыёзапісаў і пагроз, пра якія гаворыцца ў сюжэце.
«Быў усталяваны макет павешанага вайскоўца ў форме расейскага войска, якога ўкраінскія памежнікі назвалі Валерам. Сказалі, што гэта вайсковец, забіты пад Кіевам. Гэта ўсё робіцца з мэтай нейкага запалохваньня і псыхалягічнага ціску на вайскоўцаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу нашай краіны», — кажа прадстаўнік Мазырскага памежнага атраду Сяргей Паўлаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларускія памежнікі абвінавацілі ўкраінскі бок у крадзяжы памежнага знаку12 сакавіка дзяржаўнае агенцтва навінаў БелТА паведаміла, што на беларускім баку ўкраінска-беларускай мяжы паставілі білборды са сьцягам ЗША і напісам па-ўкраінску «Ми допоможемо Україні знайти справжніх окупантів» (бел.: «Мы дапаможам Украіне знайсьці сапраўдных акупантаў»), а таксама білборд з надпісам «Беларусь памятае».
Паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, іх разьмясьцілі ў 5 пунктах пропуску, «у адказ на разьмяшчэньне білбордаў на ўкраінскім баку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Памежнікі Беларусі зноў абвінавацілі ўкраінскіх калег у правакацыях: на гэты раз у незаконным перасячэньні мяжы вайскоўцамКіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.