«Схапілі толькі за тое, што ўкраінец і меў Signal на тэлефоне». Маці пра затрыманага ў Віцебску «агента» зь фільма АНТ

Андрэй Шмай, архіўнае фота

Ірына Шмай жыве ў Чарнігаве. Адтуль родам і яе сын Андрэй, які перабраўся ў 2013 годзе ў Беларусь. Учора Андрэя паказалі па тэлеканале АНТ як «шпіёна» ці «агента». Свабода пагутарыла зь ягонай маці.

Андрэя Шмая затрымалі яшчэ 19 студзеня. Маці мужчыны ня ведала прычын затрыманьня. Ён працаваў у Віцебскім аблвыканкаме, быў рабочым па комплексным абслугоўваньні і рамонце будынкаў і збудаваньняў. Як расказалі ў фільме каналу АНТ, Шмай нібыта зь верасьня рэгулярна адпраўляў інфармацыю ва Ўкраіну праз мэсэнджар Signal.

Паведамленьні адрасаваў свайму малодшаму брату Руслану. Той служыць у чарнігаўскім упраўленьні «Поўнач» маёрам, намесьнікам камандзіра ў апэратыўных пытаньнях.

«Які агент, які шпіён? Што ён мог увогуле ведаць, працуючы звычайным рабочым? Я глядзела тое кіно. У мяне склалася адчуваньне, што Андрэй там па аркушы паперы чытае «прызнаньні». Гэта проста нейкая падстава. За яго ўчапіліся, бо ён украінец, былы памежнік і тут брата-вайскоўца мае. Ды і карыстаўся Signal», — кажа Ірына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нясе пагрозу Рэспубліцы Беларусь». У Кобрыні затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Ўкраіны

Жанчына дадае, што яе тата быў лётчыкам, сын Руслан сапраўды служыць, ён вайсковец. Андрэй раней служыў памежнікам на Новых Ярылавічах — пункце пропуску зь Беларусьсю. У Віцебск ён перабраўся, бо так настойвала ягоная нявеста, якая потым стала жонкай.

«Мой сын Руслан ну ня мог нічога гаварыць ці пра нешта прасіць Андрэя. Бо навошта нам яго падстаўляць? Мы выдатна разумелі, у якой краіне ён жыве. Наадварот, Руслан прасіў яго пасьля 24 лютага 2022 году, каб той выехаў з Беларусі. Мы размаўлялі толькі на побытавыя тэмы: пра надвор’е, пра ўнукаў. Ну можна ж прасачыць ягоны маршрут! Гэта быў дом, школа, праца і назад. Ён ні з кім не размаўляў, нічога нікому не перадаваў», — кажа маці ўкраінца.

Яна дадае, што для ўсёй сям’і затрыманьне Андрэя вялікая трагедыя і бяда. Цяпер мужчына ў СІЗА. Яго, як паведамілі на АНТ, абвінавачваюць па артыкуле 358-1 Крымінальнага кодэксу («Агентурная дзейнасьць»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі праз два тыдні даведаліся, што гэта быў КДБ». Маці ўкраінца, які зьнік у Віцебску, расказала падрабязнасьці здарэньня