Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі праз два тыдні даведаліся, што гэта быў КДБ». Маці ўкраінца, які зьнік у Віцебску, расказала падрабязнасьці здарэньня


Андрэй Шмай
Андрэй Шмай

«Толькі праз два тыдні даведаліся, што гэта быў КДБ». Маці ўкраінца, які зьнік у Віцебску, расказала падрабязнасьці здарэньня

Жыхарка Чарнігава Ірына Шмай ужо месяц ня ведае, што зь яе сынам, які жыў у Віцебску. 19 студзеня яго затрымалі на працоўным месцы. З тае пары жанчына ня ведае ні прычын затрыманьня, ні магчымага абвінавачаньня. Пра гэта ў матэрыяле Свабоды.

«Жыў толькі клопатам аб працы і сям’і, нікуды ня лез»

Паводле Ірыны Шмай, яе сын Андрэй Шмай пераехаў жыць у Беларусь, бо там жыла ягоная нарачоная, таксама ўраджэнка Ўкраіны. «Яны даўно сябравалі, са школы, жылі ж у адным доме. Але яна раней пераехала ў беларускі Віцебск. Адтуль быў яе тата. У 2013 годзе Андрэй пераехаў да яе, яны пажаніліся», — кажа маці.

Андрэй Шмай меў дазвол на жыхарства ў Беларусі. Паводле маці, ён працаваў у гаспадарчай групе Віцебскага аблвыканкаму, там займаўся рамонтам, электрыкай.

«19 студзеня ён проста зьнік пасьля працы. Ані я, ані нявестка не маглі да яго дазваніцца. Нявестка тэлефанавала начальніку ягонаму, ён сказаў, што нічога ня ведае. Яна тэлефанавала ў шпіталі, міліцыю, моргі. Ніхто нічога ня ведаў. У міліцыі, установах, дзе людзей затрымліваюць, казалі ёй: «У нас такога няма», — расказала Ірына Шмай.

Ірына кажа, што толькі праз два тыдні пасьля зьнікненьня чалавека ягонай жонцы патэлефанаваў сьледчы і папрасіў прынесьці дакумэнты мужа — пашпарт і дазвол на жыхарства.

«На роўным месцы забралі чалавека і нічога не гавораць»

Ірына Шмай расказвае, што ейны сын «дамашні, сямейны». «Ён жыў толькі клопатам аб працы, аб жонцы і дзіцяці, аб школе, лецішчы. Ён не цікавіўся палітыкай, нікуды ня лез. Наколькі я ведаю, у яго не было сацыяльных сетак, каб нешта там пісаць. Проста на роўным месцы забралі чалавека і нічога не гавораць. Толькі пазьней мы даведаліся, што яго забраў КДБ. За што, ніхто ня кажа, гэта проста бесчалавечна», — лічыць маці.

Яна трывожыцца, бо ня ведае, у якім стане сын, у чым яго могуць абвінаваціць.

«Толькі ў мінулую пятніцу яму здолелі перадаць перадачу. Чаму так? У яго ж не было ні гігіенічных сродкаў з сабой, ні прадуктаў. Чаму нельга было сказаць, дзе ён, каб яму маглі перадаць рэчы?» — зьдзіўляецца Ірына Шмай.

Яна кажа, што цяпер у сына зьявіўся адвакат. Але і гэта не праясьніла сытуацыю з прычынай затрыманьня.

«Ён, як я казала, быў вельмі асьцярожны, нікуды не ўнікаў і ня лез, ні з кім не сябраваў. Нават пры размовах мы не краналіся ніякіх тэм. Размаўлялі толькі пра побыт, сям’ю, здароўе, надвор’е. Мы так і не разумеем, за што яго затрымалі. Хіба проста за тое, што ўкраінец?», — разважае маці затрыманага.

Ірына Шмай дадала, што штодзень зьвязваецца з украінскай амбасадай у Беларусі. Але там й адказалі, што пакуль іх не апавясьцілі органы аб прычынах затрыманьня грамадзяніна Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG