Заўтра Фінляндыя ўступіць у NATO

Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў журналістам у Брусэлі, што ў аўторак Фінляндыя ўступіць у альянс, назваўшы гэты крок гістарычным.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Заўтра мы прымем Фінляндыю ў якасьці 31-га чальца NATO, што зробіць Фінляндыю больш бясьпечнай, а наш зьвяз — мацнейшым, — сказаў Столтэнбэрг. — Мы ўпершыню падымем фінскі сьцяг тут, у штаб-кватэры NATO. Гэта будзе добры дзень для бясьпекі Фінляндыі, для бясьпекі Паўночнай Эўропы і для NATO ў цэлым».

Прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Нііністэ прыбудзе ў Брусэль для ўдзелу ў цырымоніі, паведаміла яго канцылярыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Турэччыны зацьвердзіў рашэньне аб уступленьні Фінляндыі ў NATO
  • Фінляндыя стане чальцом NATO ў 74-ю гадавіну ўтварэньня альянсу. 4 красавіка 1949 году Бэльгія, Вялікая Брытанія, Нідэрлянды, Данія, ЗША, Ісьляндыя, Італія, Канада, Люксэмбург, Нарвэгія, Партугалія і Францыя ў Вашынгтоне падпісалі Паўночнаатлянтычную дамову, якая паклала пачатак NATO.
  • Уварваньне Расеі ва Ўкраіну ў лютым мінулага году стымулявала падачу Фінляндыяй і Швэцыяй заявак на ўступленьне ў NATO. Фінляндыя мае 1300 км мяжы з Расеяй. Такім чынам, мяжа NATO з Расеяй павялічыцца прыкладна ўдвая, і гэты крок пацягнуў за сабой абяцаньне Масквы ўзмацніць свае войскі ў прымежных рэгіёнах.
  • Апошняя перашкода на шляху да сяброўства Фінляндыі ў NATO была ліквідаваная на мінулым тыдні, калі парлямэнт Турэччыны прагаласаваў за ратыфікацыю заяўкі Хэльсынкі, але пры гэтым не падтрымаў заяўку Швэцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На фоне вайны ва Ўкраіне». Краіны Паўночнай Эўропы аб'яднаюць свае вайскова-паветраныя сілы