Пасол Расеі Грызлоў: ядзерная зброя ў Беларусі будзе прысунутая да заходніх межаў Саюзнай дзяржавы

Барыс Грызлоў і Ўладзімір Пуцін

Ядзерная зброя ў Беларусі будзе прысунутая да заходніх межаў Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым на тэлеканале СТВ заявіў пасол Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў, паведамляе БЕЛТА.

«Тое, што шмат шуму (у заходніх СМІ вакол разьмяшчэньня ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі. — БЕЛТА), — гэта ўжо добра. Нарэшце зьвяртаюць увагу, што павінен быць пэўны парытэт. Калі мы гаворым аб разьмяшчэньні амэрыканскай ядзернай зброі ў краінах Эўропы, гэта Італія, Бэльгія, Нідэрлянды, Нямеччына і Турцыя, то павінны прадпрымаць дзеяньні, якія будуць павышаць бясьпеку нашай Саюзнай дзяржавы. Расея і Беларусь — гэта тэрыторыя Саюзнай дзяржавы, прычым узаконеная, у адрозьненьне ад тэрыторыі краін, дзе ЗША разьмяшчаюць сваю ядзерную зброю. Для іх гэтыя краіны — проста марыянэткі, а ў нас адзіная прастора», — сказаў Барыс Грызлоў.

Пасол зазначыў, што да 1 ліпеня будзе падрыхтаванае сховішча для разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі. «Яна будзе прысунутае да заходніх межаў нашай Саюзнай дзяржавы і будзе павышаць магчымасьці гарантыі нашай бясьпекі. Гэта будзе зроблена, нягледзячы на шум у Эўропе і ЗША», — заявіў Барыс Грызлоў.

Уладзімір Пуцін 25 сакавіка заявіў пра тое, што 1 ліпеня ў Беларусі скончаць будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў «пасланьні да народу і парлямэнту» заявіў, што аддаў распараджэньне аднавіць пляцоўкі, дзе былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкі