Расея атакавала ракетамі Данецкую вобласьць: ёсьць загінулыя і параненыя, пашкоджаныя шматпавярховыя дамы

Ілюстрацыйнае фота. Наступствы расейскага ракетнага ўдару па Канстанцінаўцы 24 сакавіка 2023 году

Расейскія войскі 2 красавіка нанесьлі ракетны ўдар па горадзе Канстанцінаўка Данецкай вобласьці, паведамляюць украінскія ўлады.

У выніку абстрэлу загінулі 6 чалавек, 8 атрымалі раненьні, паведамляе кіраўнік офіса Зяленскага Андрэй Ярмак. Пашкоджаныя 16 шматкватэрных дамоў, 8 прыватных пабудоваў, дзіцячы садок, будынак падатковай інспэкцыі, трубы газаправода і тры аўтамабілі.

Паводле Андрэя Ермака, Канстанцінаўку атакавалі сыстэмамі С-300 і РСЗА «Ураган».

«Расейцы абстралялі цэнтральную частку горада сёньня раніцай. Шматлікія пашкоджаньні атрымалі шматпавярховікі і прыватныя жылыя дамы. Цяпер пацярпелым надаюць неабходную дапамогу. На месцы працуюць ратавальнікі і паліцыя», — распавёў кіраўнік рэгіёну Павал Кірыленка.