«Пекла — гэта мы самі». Палітзьняволены анархіст Яўген Рубашка расказаў пра ціск у калёніі

Яўген Рубашка

Яўген Рубашка напісаў адкрыты ліст, дзе расказаў, за што адміністрацыя калёніі адправіла яго тройчы ў ШЫЗА (у суме на 24 дні), а затым на ўвесь люты — у памяшканьні камэрнага тыпу. Адразу пасьля выхаду з ПКТ Яўгена зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 і 7 дзён запар.

«Я пачаў забываць, што зьяўляюся палітычным закладнікам, але шызазная рэальнасьць уварвалася ў маю лягерную рутыну і нагадала. Унутраныя войскі трымаюць ва ўнутраным палоне. Вось з кім яны ваююць», — напісаў Яўген Рубашка. — У шызарэальнасьці я адмовіўся ад нейкай прыборкі, у сваёй жа паехаў на 10 дзён у «халадок» прасаваць сваім целам нары. Ужо там, усярэдзіне. я «ляжаў на падлозе», а не сядзеў і грэўся ля батарэі, бо ў правілах унутранага распарадку забаронена ляжаць на падлозе. «Абанэмэнт» працягнулі яшчэ на 7 дзён. Так я правёў Новы год і абое Калядаў».

Рубашка расказаў, што затым ён дзяжурыў па лякальным участку і прыбраў яго за 10 хвілін, а не за належныя 25, за гэта таксама атрымаўшы пакараньне.

«Новы стукач ужо выслугоўваецца. Яшчэ 7 сутак. Я зноў „ляжаў на падлозе“, мог бы ў адсутнасьці ў камэры анучы працерці пыл уласным ручніком, але гэтыя ініцыятывы начальніка майго атрада не былі падтрыманы начальнікам калёніі. Мяне выпусьцілі, каб усё ішло сваёй чаргой».

На наступны дзень па выхадзе з ШЫЗА, як расказаў Яўген, яго паставілі дзяжурным па туалетным пакоі.

«„Правільныя“ зэкі за ўсе дзяжурствы адкупляюцца цыгарэтамі, палітычныя — прыбіраюць самі, за выключэньнем прыбіральняў. Туалеты — білет у адзін канец у „петушарню, гарэм, нізкі статус“.

ПК-2 — выдатны прыклад узроўню сплаву чырвонага і чорнага, дзе толькі адміністрацыя калёніі вырашае, каму знаходзіцца ці не ў нізкім статусе. У гэтым рудымэнце турэмныя герархіі наўмысна пакінутыя і выкарыстоўваюцца як рычаг ціску на патрэбных зэкаў. Такім чынам начальнік атраду сказаў мне пісаць тлумачэньне за адмову ад прыбіраньня ўмывальнага пакоя. Усе гэтыя інсынуацыі наконт маіх злосных парушэньняў рэжыму зараз выліліся ў 1 месяц ПКТ. Па ўсёй бачнасьці я іду па шляху „недаехаўшага каліноўца“ Андрэя Маслова, якому прама сказалі, што яго зьбіраюцца круціць паводле арт. 411 КК. Ён таксама заБУРыўся ўсяго на 1 месяц за два дні да мяне. „Усё ідзе па пляне, усё як у людзей“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: анархіста Раманава зьмясьцілі ў ПКТ на 4 месяцы, журналіст Меркіс правёў 4 сутак у карцары

«У любой незразумелай сытуацыі жыві, кім жыў»

Яўген адзанчыў, што знаходзіцца ў зьняволеньні ўжо 1,5 года, роўна праз 3 гады скончыцца тэрмін яго ўтрыманьня за кратамі.

«Увесь гэты час мяне мала дзівіў ход рэпрэсіўных падзей. Але разьядаць сацыяльныя адносіны і атручваць душы як зэкаў, так і наглядчыкаў... Cловамі Даўлатава, які воляй лёсу прымерыў форму наглядчыка ў зоне: „Пекла — гэта мы самі“. Гэтыя мы — гэта самі зэкі, якія „стучаць“, трываюць, баяцца, гэта агульны лягерны сьвет са сваёй мовай і паняцьцямі. Маё зьдзіўленьне можна выказаць адной фразай, якая ледзяніць сэрца калымцкімі маразамі, яе выпакутаваў Варлам Шаламаў: „Аказваецца, чалавек, які зрабіў подласьць, не памірае“ (апавяданьне „Чырвоны крыж“).

Сам я добра. Падобна, што ПКТ — мая другая паднявольная любоў. Кіпяцільнік і чаёк, кожная добрая кніга на вагу золата, сардэчны сусед, сем насавоў і ўсе без рукавоў. Я ў спакоі, я з сабой, я ў „хаце“. Парада самому сабе — у любой незразумелай сытуацыі жыві, кім жыў, і працягвай ня есьці зьвера (заўв.: Яўген— вэган, у калёніі — вэгетарыянец).

Суграмадзяне, якія выехалі з краіны і хочуць запарваць аўсянку ў конаўцы і есьці яе плястыкавай асадкай бяз стрыжня, вяртайцеся!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я пачаў адключацца». Зьняволены анархіст Яўген Рубашка расказаў пра катаваньні падчас затрыманьня

Прысуды Рубашку і іншым анархістам

Яўгену Рубашку і яшчэ тром анархістам, Аляксандру Бялову, Арцёму Салаўю і другому Арцёму Салаўю вынесьлі выракі 22 красавіка ў Менскім абласным судзе.

Судзьдзя Алена Місьнік прызнала іх вінаватымі паводле арт. 342 і ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі і прысудзіла:

Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзьмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калёніі агульнага рэжыму.

Пазоў «Менсктрансу» будзе вылучаны ў асобнае вядзеньне, паведаміла «Вясна».

У апошнім слове Яўген Рубашка сказаў:

«Хтосьці выбірае ўпісаць свае імёны ў гісторыю палітычных рэпрэсіяў. І калі камусьці датычнаму да іх будзе гікацца, то ведайце, што вашыя імёны ўспамінаюць палітвязьні, якія сядзяць, а зь імі іх родныя і блізкія, а зь імі — і ўся краіна.

І апошняе слова ня будзе сказанае да тых часоў, пакуль усе ня будуць вольныя!»

Суд над анархістамі быў закрыты, таму праваабаронцам пра разгляд справы амаль нічога невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага анархіста Яўгена Рубашку падчас ператрусу білі і катавалі сілавікі, яшчэ ў дваіх правялі ператрусы