Менск пацьвердзіў затрыманьне асуджанага за «дыскрэдытацыю арміі» расейца, які ўцёк з-пад хатняга арышту

Аляксей Маскалёў да суду. Архіўнае фота

Грамадзяніна Расеі затрымалі супрацоўнікі міліцыі Беларусі на запыт расейскай паліцыі.

Менск пацьвердзіў затрыманьне асуджанага за «дыскрэдытацыю арміі» расейца, які ўцёк з-пад хатняга арышту

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пацьвердзіла затрыманьне жыхара Тульскай вобласьці Аляксея Маскалёва, асуджанага ў Расеі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму ў крымінальнай справе аб «дыскрэдытацыі арміі».

«Грамадзяніна Маскалёва затрымалі супрацоўнікі міліцыі на запыт расейскай паліцыі», — паведамілі расейскаму агенцтву РБК у прэсавай службе МУС Беларусі.

Раніцай 30 сакавіка расейскія СМІ паведамілі пра затрыманьне расейца ў Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджанага за «дыскрэдытацыю арміі» расейца, які, пэўна, уцёк з-пад хатняга арышту, затрымалі ў Менску

28 сакавіка ў Тульскай вобласьці Расеі Яфрэмаўскі раённы суд пакараў Маскалёва 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Маскалёва абвінавацілі ў так званай паўторнай дыскрэдытацыі войска за пасты ў «Аднаклясьніках».

Падсудны на паседжаньні не прысутнічаў. Прадстаўніца суду заявіла, што Маскалёў нібыта ўцёк з-пад хатняга арышту.

Жыхара гораду Яфрэмава Тульскай вобласьці Маскалёва, на якога напісалі данос за антываенны малюнак ягонай дачкі, затрымалі на пачатку сакавіка, дома ў яго прайшоў ператрус. Сілавікі, паводле расейскай палітычнай дзяячкі Марыны Літвіновіч, забралі ўсе грошы, якія былі ў доме Маскалёва.

Дачку Аляксея Марыю, якая вучыцца ў шостай клясе, адправілі ў дзіцячы прытулак, піша «ОВД-Инфо» са спасылкай на валянтэрку грамадзкай арганізацыі «Тульскі абласны народны савет». Паводле яе, пасьля затрыманьня бацькі паліцыянты выклікалі камісію ў справах непаўналетніх, якая і забрала Марыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі бацьку школьніцы далі два гады калёніі за яе малюнак супраць вайны. Дзяўчынка ў прытулку