Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджанага за «дыскрэдытацыю арміі» расейца, які, пэўна, уцёк з-пад хатняга арышту, затрымалі ў Менску


Аляксей Маскалёў у судзе. Архіўнае фота
Аляксей Маскалёў у судзе. Архіўнае фота

28 сакавіка расейцу Аляксею Маскалёву прысудзілі 2 гады калёніі ў справе аб «дыскрэдытацыі» войска за пасты ў «Аднаклясьніках». Перасьлед мужчыны пачаўся пасьля таго, як яго дачка намалявала ў школе на ўроку антываенны малюнак. Цяпер дзяўчынка ў прытулку.

Аляксея Маскалёва, які ўцёк з-пад хатняга арышту, затрымалі ў Менску. Пра гэта паведаміла крыніца SOTA і пацьвердзіў тэлеканалу «Дождь» адвакат мужчыны Дзьмітрый Захватаў.

Захватаў напісаў, што сувязі з падабаронным у яго зараз няма.

«Тэлефон не адказвае. Пацьвердзіць дакладна не магу, але па ўскосных дадзеных, падобна, усё так і ёсьць», — паведаміў ён.

Як піша SOTA, Маскалёва, імаверна, затрымалі ад таго, што ён уключыў свой мабільны тэлефон у кватэры, дзе хаваўся ад перасьледу.

28 сакавіка ў Тульскай вобласьці Расеі Яфрэмаўскі раённы суд пакараў Маскалёва 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Маскалёва абвінавацілі ў так званай паўторнай дыскрэдытацыі войска за пасты ў «Аднаклясьніках».

Падсудны на паседжаньні не прысутнічаў. Прадстаўніца суду заявіла, што Маскалёў нібыта ўцёк з-пад хатняга арышту.

Жыхара гораду Яфрэмава Тульскай вобласьці Маскалёва, на якога напісалі данос за антываенны малюнак ягонай дачкі, затрымалі на пачатку сакавіка, дома ў яго прайшоў ператрус. Сілавікі, паводле расейскай палітычнай дзяячкі Марыны Літвіновіч, забралі ўсе грошы, якія былі ў доме Маскалёва.

Дачку Аляксея Марыю, якая вучыцца ў шостай клясе, адправілі ў дзіцячы прытулак, піша «ОВД-Инфо» са спасылкай на валянтэрку грамадзкай арганізацыі «Тульскі абласны народны савет». Паводле яе, пасьля затрыманьня бацькі дзяўчынкі паліцыянты выклікалі камісію ў справах непаўналетніх, якая і забрала Марыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG