Сахашчык: Ядзерная зброя моцна актывізуе партызанскі рух у Беларусі

Валер Сахашчык. Архіўнае фота

25 сакавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Будаўніцтва адпаведнага сховішча нібыта павінна быць завершана да 1 ліпеня.

Па словах Пуціна, Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.

Якія могуць быць наступствы разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі і як гэтага не дапусьціць? Госьць Свабоды Premium — Валер Сахашчык, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы.

Паводле Сахашчыка, Лукашэнка не чакаў такой заявы ад Пуціна, бо хацеў, каб гэта ён распараджаўся тактычнай ядзернай зброяй, а не Масква. У выніку, лічыць палітык, Лукашэнка нічога не набыў, а толькі страціў.

Сахашчык заклікае ўсе палітычныя сілы аб’яднацца і забыць пра свае спрэчкі, паколькі «гісторыя вельмі блізка падсунула беларусаў да таго, каб страціць усё».

«Гэтая навіна пра ядзерную зброю моцна актывізуе партызанскі рух у Беларусі. Прагназую, што шмат людзей будуць рабіць нешта, каб гэтага не дапусьціць, каб расейскім акупантам стала ў Беларусі вельмі некамфортна. Узровень пагрозы становіцца настолькі высокім, што гэта можа каштаваць жыцьця ўсёй нацыі. Патрыётаў у нас шмат, і сярод іх нямала людзей, гатовых да актыўных крокаў», — лічыць Валер Сахашчык.

Ён перакананы, што пасьля зьмены ўлады ў Беларусі расейцам будзе выстаўлены ўльтыматум, каб на працягу некалькіх тыдняў пакінуць тэрыторыю Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што такое тактычная ядзерная зброя і ці могуць яе разьмясьціць у Беларусі. Пытаньні і адказы
  • Па словах Пуціна, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю.
  • Яшчэ летась Лукашэнка заяўляў, што некалькі беларускіх самалётаў пераабсталявалі, і яны могуць несьці ядзерныя ракеты.
  • Дакладнага вызначэньня тактычнай ядзернай зброі няма — мяркуецца, што гаворка ідзе пра ядзерныя боепрыпасы меншай магутнасьці і пра носьбіты меншага радыюсу дзеяньня, чым у выпадку стратэгічнай (міжкантынэнтальнай) ядзернай зброі. Афіцыйны радыюс дзеяньня ракет «Іскандэр» — да 500 км, гэта значыць ракеты, разьмешчаныя ў Беларусі, могуць пагражаць практычна ўсёй тэрыторыі Польшчы, а часткова і суседнім зь ёю краінам.