«МАЗ і БелАЗ пасьпяхова справяцца з новымі выклікамі». У МЗС Беларусі адрэагавалі на новыя санкцыі ЗША
Будынак МЗС Беларусі. Архіўнае фота
У зьнешнепалітычным ведамстве перакананыя, што ЗША ўводзяць санкцыі супраць беларускага народу, а не прадстаўнікоў улады.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі заявілі, што рашэньне ЗША аб расшырэньні санкцый ня стала нечаканым для ўлады Беларусі.
«Як паказвае рэальнае жыцьцё, любыя спробы эканамічна ізаляваць і задушыць нашу краіну ад пачатку асуджаныя на правал», — адзначаецца ў камэнтары МЗС Беларусі.
У зьнешнепалітычным ведамстве перакананыя, што ЗША ўводзяць санкцыі супраць беларускага народу, а не прадстаўнікоў улады.
«Увядзеньне санкцый супраць пасьпяховых цывільных прадпрыемстваў Беларусі — канцэнтраваны выраз крывадушнасьці адміністрацыі ЗША, прадстаўнікі якой у кожным зручным выпадку любяць заяўляць аб „падтрымцы“ беларускага народу. Ня думаю, што тысячы простых працаўнікоў нашых заводаў-флягманаў марылі аб такой замежнай дапамозе і падтрыманьні ў выглядзе абсалютна незаконных і беспадстаўных санкцый», — адзначаецца ў камэнтары.
У МЗС падкрэсьлілі, што «калектывы МАЗу і БелАЗу, якія ўжо маюць значны досьвед працы ва ўмовах санкцыйнага ціску, пасьпяхова пераадолеюць любыя новыя выклікі».
«Рэспубліка Беларусь была, ёсьць і будзе сувэрэннай дзяржавай, якая праводзіць незалежную зьнешнюю палітыку. І ніякія санкцыі, абмежаваньні і пагрозы не прымусяць нас сысьці з вызначанага шляху і дзейнічаць насуперак нашым нацыянальным інтарэсам», — адзначаецца ў камэнтары МЗС Беларусі.
24 сакавіка ЗША ўвялі новыя санкцыі ў дачыненьні да 3 юрыдычных і 9 фізычных асобаў Беларусі, а таксама самалёта Лукашэнкі, паведаміла Міністэрства фінансаў ЗША.
Санкцыі ўведзеныя «ў адказ на брутальныя рэпрэсіі, якія працягваюцца супраць дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасьці Беларусі з жніўня 2020 году». Таксама ўвядзеньне новых санкцый падкрэсьлівае гатоўнасьць Злучаных Штатаў прымусіць рэжым Лукашэнкі адказваць за саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны, паведамляе Мінфін ЗША.