ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць МАЗу, БелАЗу, ЦВК і самалёта Лукашэнкі
Завод «БелАЗ», Жодзіна, Менская вобласьць, 13 лютага 2016 году. Ілюстрацыйнае фота
24 сакавіка ЗША ўвялі новыя санкцыі ў дачыненьні да 3 юрыдычных і 9 фізычных асобаў Беларусі, а таксама самалёта Лукашэнкі, паведаміла Міністэрства фінансаў ЗША.
Санкцыі ўведзеныя «ў адказ на брутальныя рэпрэсіі, якія працягваюцца супраць дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасьці Беларусі з жніўня 2020 году». Таксама ўвядзеньне новых санкцый падкрэсьлівае гатоўнасьць Злучаных Штатаў прымусіць рэжым Лукашэнкі адказваць за саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны, паведамляе Мінфін ЗША.
Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Беларускі аўтамабільны завод» (БелАЗ) і яго дырэктара Сяргея Нікіфаровіча;
Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Менскі аўтамабільны завод» (МАЗ) і яго дырэктара Валерыя Іванковіча,
Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў (ЦВК) і шэраг новых яе чальцоў: Ігара Карпенку, Алену Балдоўскую, Дзяніса Дука, Алену Кунцэвіч, Аляксандра Ткачова, Кацярыну Федасенку, Аляксандра Южыка.
Самалёт EW-001PA — Boeing 737, які належыць ураду і выкарыстоўваецца ў якасьці самалёта Аляксандра Лукашэнкі.
Усю маёмасьць ці яе долі ва ўласнасьці асобаў, што трапілі пад санкцыі, якая знаходзяцца ў ЗША, у валоданьні або пад кантролем грамадзян ЗША, заблякуюць. Таксама пад санкцыі падпадуць любыя арганізацыі, якія належаць, наўпрост ці ўскосна, індывідуальна або ў сукупнасьці, на 50% і больш адной або некалькім асобам з санкцыйнага сьпісу.
Акрамя таго, фінансавыя ўстановы і іншыя асобы, якія ўдзельнічаюць у любых апэрацыях (наданьне грошай, тавараў ці паслуг) або дзейнасьці з названымі вышэй арганізацыямі і фізычнымі асобамі, могуць таксама падпасьці пад санкцыі, папярэджваецца ў паведамленьні.